ТА́РАС Ніна Міхайлаўна (н. 15.5.1916, в. Заполле Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. У 1930—34 вучылася ў Навагрудскай бел. гімназіі. Скончыла бел. гімназію ў Вільні (1936), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). У 1942—44 сувязная лідскай спецгрупы партыз. брыгады імя Кірава і партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл. Працавала ў лідскай раённай Таз. «Уперад» (1939—41, 1944—45), Дзярж. выд-ве Беларусі (1945—46), газ. «Піянер Беларусі» (1951—53). Друкуецца з 1936. Першы зб. вершаў «На ўсход ідучы...» (1940). У вершах Т. адчуванне прыгажосці роднага краю, лірызм, вера ў перамогу дабра над злом і інш.: зб-кі «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «У тапаліную замець» (1976). Піша для дзяцей: зб-кі паэзіі «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). На некат. яе вершы напісаны песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЛЬШЧЫК,
баявы карабель для пошуку і знішчэння марскіх (рачных) мін з дапамогай тралаў і для правядзення караблёў (суднаў) праз мінныя загароды. Належыць да мінна-тральных сіл ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў.
Падзяляюцца на эскадраныя (будавалі да 2-й сусв. вайны), марскія, базавыя, рэйдавыя, рачныя, катэрныя. Водаўмяшчальнасць да 1300 т і больш, скорасць да 18 (на паветр. падушцы 30) вузлоў, далёкасць плавання да 3—5 тыс. міль. Гал. ўзбраенне — проціміннае (кантактныя і некантактныя тралы, шукальнікі-знішчальнікі мін і інш.); ёсць малакаліберныя артыл. або зенітныя ўстаноўкі, буйнакаліберныя кулямёты, пускавыя ўстаноўкі процілодачных ракет, бомбакідальнікі. Маюць маламагн. дызельныя энергет. ўстаноўкі. Карпусы робяць з немагн. сплаваў, дрэва, шклапластыку і інш.
На Беларусі ў 1919—44 баявое траленне праводзілі рачныя Т. (пераабсталяваныя параходы) і катэры-Т., што меліся ў складзе рачных ваен. флатылій (савецкіх Дняпроўскай і Пінскай, польскай Пінскай). У 1927—30 і 1935 у Пінску (Зах. Беларусь) для патрэб польскай Пінскай флатыліі пабудаваны 7 рачных Т. водаўмяшчальнасцю 4,8 і 10,2 Т.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Рачныя тральшчыкі польскай Пінскай флатыліі, якія будаваліся ў Пінску ў 1927—35: 1 — браніраваны; 2 — колавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ТЫЙ (лац. Tritium),
звышцяжкі радыенуклід вадароду з масавым лікам 3. Абазначаецца T або 3H. Ядро Т. — трытон складаецца з пратона і 2 нейтронаў перыяд паўраспаду 12,35 года (β-выпрамяняльнік). Прыродны Т. у нязначнай колькасці ўтвараецца ў верхніх слаях атмасферы ў выніку ўзаемадзеяння касм. выпрамянення пераважна з ядрамі азоту (14N + n = 3T + 34Ne) і кіслароду; у прыроднай вадзе на 1018 атамаў 1H прыпадае ад 1 да 150 атамаў Т. Адкрыты ў 1934 Э.Рэзерфардам з супрацоўнікамі; назва ад грэч. tritos — трэці.
У звычайных умовах Т. — газ (tкіп -248,12 °C); малекулы двухатамныя T2. З кіслародам узаемадзейнічае пры пакаёвай т-ры з прычыны β-распаду; звышцяжкая вада T2O мае 101,55 °C, шчыльн. 1214,59 кг/м³ (20 °C). У прам-сці атрымліваюць у ядз. рэактарах пры апрамяненні літыю нейтронамі. Выкарыстоўваюць як кампанент паліва для тэрмаядз. сінтэзу, ізатопны індыкатар у хіміі, біялогіі, медыцыне. геафізіцы. Газападобны Т. па радыетаксічнасці адносіцца да групы Г (гл.Радыеактыўнае рэчыва); небяспечны пры пападанні ў арганізм праз скуру, лёгкія, з ежай і вадой.
Літ.:
Беловодский Л.Ф., Гаевой В.К., Гришмановский В.И. Тритий. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГНАЕ́ННІ, тукі,
арганічныя і мінеральныя рэчывы, што маюць элементы жыўлення раслін; забяспечваюць іх пажыўнымі рэчывамі, павялічваюць ураджайнасць і паляпшаюць якасць с.-г. культур. Мэтазгоднае выкарыстанне У. павышае ўрадлівасць глебы, падтрымлівае дадатны баланс біягенных элементаў і гумусу.
Падзяляюць на У. прамыя, якія маюць элементы непасрэднага жыўлення раслін (азот, фосфар, калій, магній, сера, бор і інш.), і ўскосныя, якія паляпшаюць уласцівасці глебы (напр., вапнавыя ўгнаенні). Паводле хім. саставу адрозніваюць мінеральныя ўгнаенні, арганічныя ўгнаенні, аргана-мінер. (прыродныя — сапрапель, штучныя — торфааміячныя, торфа-мінеральна-аміячныя і інш.) і бактэрыяльныя ўгнаенні; вылучаюць таксама зялёныя У. (гл.Сідэрацыя). Непасрэдна ў сельскіх гаспадарках атрымліваюць У. мясцовыя (гл.Гной, Попел), на спец. з-дах — У. прамысловыя, ці хімічныя (напр., калійныя ўгнаенні), да якіх адносяць таксама прамысл. адходы розных вытв-сцей (напр., шлакі). Спосабы найб. эфектыўнага выкарыстання У. распрацоўвае аграхімія; унясенне праз меру вял. колькасці У. не толькі нерэнтабельнае, але можа прывесці да зніжэння ўраджайнасці і якасці с.-г. культур, назапашвання ў іх нітратаў або таксічных элементаў, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя (гл.Ахова прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАЎНЫ́Я СЛО́ВЫ,
сінтаксічныя адзінкі, якія ўводзяцца ў сказ для ўдакладнення, паяснення выказанай у ім думкі або перадачы розных дадатковых звестак, заўваг, паведамленняў.
У.с. і словазлучэнні размяшчаюцца, як правіла, у сярэдзіне або канцы сказа за тымі словамі, якія яны паясняюць ці ўдакладняюць. Уводзяцца ў сказ бяззлучнікавым спосабам. зрэдку пры дапамозе злучнікаў: «Практыка паказвае, што байка прыхільна сустракаецца чытачом (і слухачом) і стварае належны эфект» (К.Крапіва). У адрозненне ад пабочных слоў У.с. не выражаюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў і звязаны са зместам выказвання ўсяго сказа. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах маст. л-ры, дзе выражаюць шматлікія сэнсавыя адценні: удакладняльна-акалічнасныя — «Пачула трывожнае вуха нечыя крокі (у сне ці праз сон)» (П.Глебка); няпэўна-ўдакладняльныя — «Яны (ці не ў Капылі) на завод быка купілі» (К.Крапіва); удакладняльна-азначальныя — «Гэтае месца (востраў, акружаны з розных бакоў балотам) яму спадабалася» (М.Лынькоў) і інш.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРБАВА́ННЕ,
наданне паперы, скуры, пластмасам, тэкст. і інш. матэрыялам пэўнага колеру, дастаткова трывалага ва ўмовах іх эксплуатацыі. Звычайна для Ф. выкарыстоўваюць фарбавальнікі і пігменты (гл.Пігменты ў хіміі). Метады Ф. вызначаюцца ўласцівасцямі фарбавальніка і матэрыялу.
Для Ф. паперы выкарыстоўваюць мінер. пігменты, асноўныя і кіслотныя фарбавальнікі, Фарбуюць папяровую масу, у якую падліваюць водны раствор фарбавальніка ці суспензію пігменту, або паверхню паперы (больш эканамічны спосаб) пры яе вырабе ці на фарбавальных машынах, у якіх паперу з рулонаў працягваюць праз фарбавальную ванну. Глыбіннае Ф. натуральнай скуры робяць прамымі, кіслотнымі ці асноўнымі фарбавальнікамі, паверхневае — пігментамі разам з плёнкаўтваральнымі рэчывамі. Ф. скуры штучнай ажыццяўляюць у працэсе яе вытв-сці з выкарыстаннем арган. і мінер. пігментаў. Ф. футра робяць для выраўноўвання натуральнай афарбоўкі, надання моднага колеру, імітавання пад каштоўныя віды пушніны; выкарыстоўваюць акісляльныя, кубавыя, кіслотныя, пратраўныя, а таксама спец. фарбавальнікі для футра. Для Ф. пластмас выкарыстоўваюць пігменты, тлушча- і спіртарастваральныя фарбавальнікі, якія звычайна дадаюць да расплаву палімераў. Гл. таксама Фарбаванне тканіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАРАЎ Васіль Фёдаравіч (10.1.1892, Масква —21.1.1971),
расійскі і бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Туркменістана (1939). Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Дзярж.эксперым.тэатр. майстэрні У.Меерхольда ў т-ры яго імя. Працаваў у т-рах Масквы, Баку, Ленінграда, Ашхабада і інш. У 1952—58 гал. рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. Пастаноўкі Ф. вызначаліся маштабнасцю, дакладнасцю сац. характарыстыкі вобразаў, тэатр. кідкасцю, раскрыццём ідэі твора праз усе кампаненты спектакля. Этапнымі для рус.драм.т-ра Беларусі сталі яго спектаклі «Варвары» М.Горкага (1952), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1954), «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі (1956). З інш. пастановак: «Пігмаліён» Б.Шоу і «Шакалы» А.Якабсана (1953), «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава і «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна (1954), «Хітрыкі Скапэна» Мальера і «Персанальная справа» А.Штэйна (1955), «Мяшчане» М.Горкага і «Права на шчасце» І.Дорскага (1956), «Мая сям’я» Э.Дэ Філіпа і «Цар Патап» А.Капкова (1958); у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача — «Два веронцы» Шэкспіра (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЮ́СКІНЦЫ,
удзельнікі палярнай экспедыцыі на параходзе «Чэлюскін». Мэта экспедыцыі — прайсці Паўночным марскім шляхам за адну навігацыю на неледакольным судне, даставіць зімоўшчыкаў і грузы на в-аў Урангеля, сабраць навук. звесткі пра палярныя моры. «Чэлюскін» (пабудаваны ў Даніі ў 1933, водазмяшчэнне 7500 т, названы імем С.І.Чэлюскіна) выйшаў у рэйс 8.8.1933 з Мурманска ва Уладзівасток. У Берынгавым праліве судна было зацёрта льдамі, штормам вынесена ў Чукоцкае мора і 13.2.1934 расціснута вялізным ледзяным валам. Параход затануў за 100 км ад берага. У суровых умовах арктычнай зімы 104 удзельнікі экспедыцыі (начальнік О.Ю.Шміт, капітан судна У.І.Варонін) высадзіліся на дрэйфуючую льдзіну і праз 2 месяцы на самалётах былі вывезены на мыс Ванкарэм на ПнЗ Чукоцкага п-ва. У аперацыі выратавання, што працягвалася з 5 сак. па 13 крас. 1934, прымалі ўдзел лётчыкі М.В.Вадап’янаў, І.В.Даронін, М.П.Каманін, С.А.Леванеўскі, А.В.Ляпідзеўскі, В.С.Молакаў, М.Т.Сляпнёў, якія першымі ў СССР атрымалі званне Героя Сав. Саюза. Усе чэлюскінцы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ХАЎ Уладзімір Рыгоравіч (28.8.1853, г. Грайваран Белгародскай вобл., Расія — 2.2.1939),
расійскі інжынер-вынаходнік і вучоны ў галіне тэхнікі і будаўніцтва. Ганаровы акад.АНСССР (1929), засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1928). Герой Працы (1932). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1876). З 1878 гал. інжынер тэхн.буд. канторы ў Маскве. Пасля 1917 на з-дзе «Парастрой» (Масква). Навук. працы па тэхніцы нафтавай прам-сці, цеплатэхніцы і буд. справе. Зрабіў разлік першага ў Расіі нафтаправода і кіраваў яго буд-вам, стварыў першы ў свеце мазутаправод з падаграваннем. Упершыню ў свеце ажыццявіў прамысл. факельнае спальванне вадкага паліва з дапамогай вынайдзенай ім распыльвальнай фарсункі (1880). Вынайшаў крэкінг-працэс (гл.Крэкінг). Стварыў канструкцыі вадатрубных паравых катлоў. Па яго праектах пабудавана каля 200 вежаў арыгінальнай канструкцыі (у т. л. Шабалаўская радыёвежа ў Маскве), каля 500 мастоў (у т. л.праз Аку і Волгу, Енісей), маякі і інш. Прэмія імя Леніна 1929.
Літ.:
Лопатто А.Э. Почетный академик В.Г.Шухов — выдающийся русский инженер. М., 1951;
Лейбензон Л.С. В.Г.Шухов // Люди русской науки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́КСПАРТ (англ. export ад лац. exportare вывозіць),
вываз тавараў і капіталаў за мяжу для рэалізацыі на знешніх рынках; вываз за мяжу тавараў айч. вытв-сці і рээкспарт тавараў замежнага паходжання. Адрозніваюць Э. тавараў, вырабаў, інш. матэрыяльных і рэчавых даброт; Э. як кампенсацыю прадастаўленых замежнаму партнёру паслуг вытв. характару і спажывецкага прызначэння; Э. капіталу — размяшчэнне яго за мяжой у грашовай або таварнай форме праз сферу паслуг (у т. л. ў форме патэнтаў, ліцэнзій, ноў-хаў), што вядзе да стварэння замежнай уласнасці або інш. формы абавязацельстваў, якія даюць права на сістэматычнае атрыманне прыбыткаў. Вылучаюць таксама нябачны Э., што фарміруецца за кошт платы ад рэалізацыі трансп. паслуг айч. транспартам па перавозцы пасажыраў і грузаў інш. краін, даходаў ад замежнага турызму і інш. Ва ўмовах рыначных адносін Э. — асн. форма міжнар.эканам. супрацоўніцтва і падзелу працы, служыць матэрыяльнай перадумовай імпарту як асн. крыніцы яго аплаты і разлікаў па знешнім доўгу. Экспартныя і імпартныя адносіны ўзаемазвязаны і разам даюць магчымасць ацаніць эфектыўнасць знешняга гандлю. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі.