ФАРБАВА́ННЕ,

наданне паперы, скуры, пластмасам, тэкст. і інш. матэрыялам пэўнага колеру, дастаткова трывалага ва ўмовах іх эксплуатацыі. Звычайна для Ф. выкарыстоўваюць фарбавальнікі і пігменты (гл. Пігменты ў хіміі). Метады Ф. вызначаюцца ўласцівасцямі фарбавальніка і матэрыялу.

Для Ф. паперы выкарыстоўваюць мінер. пігменты, асноўныя і кіслотныя фарбавальнікі, Фарбуюць папяровую масу, у якую падліваюць водны раствор фарбавальніка ці суспензію пігменту, або паверхню паперы (больш эканамічны спосаб) пры яе вырабе ці на фарбавальных машынах, у якіх паперу з рулонаў працягваюць праз фарбавальную ванну. Глыбіннае Ф. натуральнай скуры робяць прамымі, кіслотнымі ці асноўнымі фарбавальнікамі, паверхневае — пігментамі разам з плёнкаўтваральнымі рэчывамі. Ф. скуры штучнай ажыццяўляюць у працэсе яе вытв-сці з выкарыстаннем арган. і мінер. пігментаў. Ф. футра робяць для выраўноўвання натуральнай афарбоўкі, надання моднага колеру, імітавання пад каштоўныя віды пушніны; выкарыстоўваюць акісляльныя, кубавыя, кіслотныя, пратраўныя, а таксама спец. фарбавальнікі для футра. Для Ф. пластмас выкарыстоўваюць пігменты, тлушча- і спіртарастваральныя фарбавальнікі, якія звычайна дадаюць да расплаву палімераў. Гл. таксама Фарбаванне тканіны.

Літ.:

Химия и технология кожи и меха. 4 изд. М., 1985;

Калинская Т.В., Доброневская С.Г., Аврутина Э.А. Окрашивание полимерных материалов. Л., 1985.

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)