ЧЭЛЮ́СКІНЦЫ,
удзельнікі палярнай экспедыцыі на параходзе «Чэлюскін». Мэта экспедыцыі — прайсці Паўночным марскім шляхам за адну навігацыю на неледакольным судне, даставіць зімоўшчыкаў і грузы на в-аў Урангеля, сабраць навук. звесткі пра палярныя моры. «Чэлюскін» (пабудаваны ў Даніі ў 1933, водазмяшчэнне 7500 т, названы імем С.І.Чэлюскіна) выйшаў у рэйс 8.8.1933 з Мурманска ва Уладзівасток. У Берынгавым праліве судна было зацёрта льдамі, штормам вынесена ў Чукоцкае мора і 13.2.1934 расціснута вялізным ледзяным валам. Параход затануў за 100 км ад берага. У суровых умовах арктычнай зімы 104 удзельнікі экспедыцыі (начальнік О.Ю.Шміт, капітан судна У.І.Варонін) высадзіліся на дрэйфуючую льдзіну і праз 2 месяцы на самалётах былі вывезены на мыс Ванкарэм на ПнЗ Чукоцкага п-ва. У аперацыі выратавання, што працягвалася з 5 сак. па 13 крас. 1934, прымалі ўдзел лётчыкі М.В.Вадап’янаў, І.В.Даронін, М.П.Каманін, С.А.Леванеўскі, А.В.Ляпідзеўскі, В.С.Молакаў, М.Т.Сляпнёў, якія першымі ў СССР атрымалі званне Героя Сав. Саюза. Усе чэлюскінцы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі.
В.П.Кісель.
т. 17, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)