УГНАЕ́ННІ, тукі,
арганічныя і мінеральныя рэчывы, што маюць элементы жыўлення раслін; забяспечваюць іх пажыўнымі рэчывамі, павялічваюць ураджайнасць і паляпшаюць якасць с.-г. культур. Мэтазгоднае выкарыстанне У. павышае ўрадлівасць глебы, падтрымлівае дадатны баланс біягенных элементаў і гумусу.
Падзяляюць на У. прамыя, якія маюць элементы непасрэднага жыўлення раслін (азот, фосфар, калій, магній, сера, бор і інш.), і ўскосныя, якія паляпшаюць уласцівасці глебы (напр., вапнавыя ўгнаенні). Паводле хім. саставу адрозніваюць мінеральныя ўгнаенні, арганічныя ўгнаенні, аргана-мінер. (прыродныя — сапрапель, штучныя — торфааміячныя, торфа-мінеральна-аміячныя і інш.) і бактэрыяльныя ўгнаенні; вылучаюць таксама зялёныя У. (гл. Сідэрацыя). Непасрэдна ў сельскіх гаспадарках атрымліваюць У. мясцовыя (гл. Гной, Попел), на спец. з-дах — У. прамысловыя, ці хімічныя (напр., калійныя ўгнаенні), да якіх адносяць таксама прамысл. адходы розных вытв-сцей (напр., шлакі). Спосабы найб. эфектыўнага выкарыстання У. распрацоўвае аграхімія; унясенне праз меру вял. колькасці У. не толькі нерэнтабельнае, але можа прывесці да зніжэння ўраджайнасці і якасці с.-г. культур, назапашвання ў іх нітратаў або таксічных элементаў, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя (гл. Ахова прыроды).
т. 16, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)