СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),

сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін з гал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЗЯ́Н (Illicium),

род кветкавых раслін сям. іліцыевых. 42 віды. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, у Паўд. Амерыцы і на ПдУ Паўн. Амерыкі. Найб. вядомы бадзян сапраўдны, або кітайскі, аніс зорчаты (Illicium verum) — вострапахучая расліна. Інтрадукаваны на Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа разам з інш. (амерыканскімі) відамі — бадзяном фларыдскім (Illicium floridanum) і драбнакветкавым (Illicium parviflorum).

Шматгадовазялёныя кусты і дрэвы. Бадзян сапраўдны — дрэва выш. да 10 м са скурыстым падоўжана-эліптычным лісцем з суцэльным краем. Кветкі двухполыя, шматпялёсткавыя, адзіночныя. Плод — цыклічная скурыстая або дравяністая шматлістоўка ў выглядзе своеасаблівай зоркі (адсюль другая назва «аніс зорчаты»). Пашыраны ў Індакітаі, Паўд. Кітаі і інш. раёнах Паўд.-Усх. Азіі. Харч. (плады выкарыстоўваюць як вострую прыправу для араматызацыі лікёраў, вінаў, кандытарскіх вырабаў і інш.), тэхн. і лек. (лісты, плады і алей) расліна. Бадзян анісавы, ці японскі, або японскі зорчаты аніс, так зв. сікімі (Illicium anisatum, або Illicium religiosum) — ядавітая расліна (асабліва плады, якія маюць алкалоід скіміянін). Пашыраны ў Японіі, Карэі, Кітаі. Старажытная культавая расліна (алей выкарыстоўваецца ў храмах як свяцільны сродак, тоўчаныя кара і насенне — для паху). Плады бадзяну японскага вельмі падобныя на плады бадзяну сапраўднага, таму выкарыстоўваюць іх для фальсіфікацыі ў гандлі. З пладоў усіх відаў бадзяну атрымліваюць эфірны алей, у якім да 90% анетолу.

Бадзян анісавы.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),

найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.

Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).

Літ.:

Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБ (Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Граб звычайны.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),

род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек. расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;

Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.

Парэчкі. Сарты: 1 — Беларускія салодкія; 2 — Галубка; 3 — Мінай Шмыроў; 4 — Кантата 50; 5 — Галандскія чырвоныя; 6 — Вялікія белыя.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАЦ (Piper),

род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.

П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.​Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).

Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.

Перац: 1 — чорны, 2 — струкавы.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ (Quercus),

род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр. нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).

Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуб звычайны.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,

1) у жывёл — група асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.​Э.​Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.​Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл. Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖА (Rosa),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 (па інш. звестках да 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. Стараж. цэнтр вырошчвання Р. — Пярэдняя Азія, адкуль яна трапіла ў ант. Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын) Найб. вядомыя Р.: Жэрара (R. scherardii), іржава-чырвоная (R. rubiginosa), майская, ці карычная (R. majalis), мяккая (R. mollis), сабачая (R. canina), скурысталістая (R. caesia), Юндзіла (R. jundzillii). Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. На Беларусі інтрадукаваны Р.: калючая (R. pimpinellifolia), маршчыністая (R. rugosa), шматкветная (R. multiflora), шызая (R. glauca) і інш.

Лістападныя або вечназялёныя кусты, часам павойныя, выш. 15—200 см (некат. віды ўтвараюць пляцістыя галіны даўж. да 12 м). Лісце чаргаванае, непарнаперыстае з прырослымі да чаранка прылісткамі. Кветкі простыя ці махровыя, дыяметрам 1—16 см, пахучыя, розных колераў, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — аднанасенны арэшак, змешчаны звычайна ў мясістым несапраўдным плодзе. Плады шыпшыны маюць у сабе разнастайныя вітаміны, напр., вітаміну С у іх амаль у 10 разоў больш, чым у цытрусавых, з іх атрымліваюць сіропы і вітамінныя канцэнтраты, жаўцягонны прэпарат халасас, з пладоў і пялёсткаў — варэнне, мармелад, пасцілу, цукеркі, з пладоў і каранёў — дубільныя рэчывы, фарбавальнікі, з пялёсткаў казанлыкскай ружы — ружавы алей і ружавую ваду для парфумерыі, касметыкі, кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Лек., харч., эфіраалейныя, тэхн., меданосныя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Ружа: 1 — шыпшына маршчыністая; 2 — Глорыя Дэй; 3 — Сэнтэнэр дэ Люрдэ; 4 — Джон Ф.​Кенэдзі; 5 — Супер Стар.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)