ЦІС (Taxus),

род хвойных раслін сям. цісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Растуць у хвойных ці хвойна-шыракалістых лясах, радзей утвараюць чыстыя зараснікі. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды Ц.: востраканцовы, ці далёкаўсходні (T. cuspidata), канадскі (T. canadensis) і ягадны, або еўрапейскі (T. baccata).

Двух-, радзей аднадомныя вечназялёныя кусты і дрэвы выш. 6—32 м, дыям. ствала 1—2,5 м. Жыве 3—4 (магчыма, больш) тыс. гадоў. Крона шырокаканічная. Характэрна адсутнасць у лісці і драўніне смаляных ходаў. Ігліца лінейная, адзіночная, размешчана спіральна або ў 2 рады. Мужчынскія каласкі адзіночныя, шарападобныя, жан. шышачкі адзіночныя, маюць 1 семя, апушчанае ў мясісты бакалападобны прынасеннік накшталт ягады; пры выспяванні чырв., ружовы, радзей жоўты. Уся расліна ядавітая. Драўніна («чырвонае дрэва») шчыльная, трывалая, устойлівая да гніення і паражэння насякомымі і грыбамі; выкарыстоўваюць у мэблевай і такарнай вытв-сці. Тэхн. і дэкар. расліны.

Ціс ягадны.

т. 17, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)