СТАРАСЦЕ́НЬ (Senecio),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 3 тыс. (паводле інш. звестак да 2 тыс.) відаў. Пашыраны ўсюды. Многія віды сукуленты, часта вырошчваюцца ў аранжарэях і пакоях. На Беларусі 15 відаў, з іх у Чырв. кнігу занесены 5: водны (S. aquaticus), дняпроўскі (S. borysthenicus), прыручайны (S. rivularis), прырэчны (S. fluviatilis), эрукалісты (S. erucifolius). Трапляюцца па схілах, на поймавых лугах, у хмызняках.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, ліяны, радзей кусты, паўкусцікі, невысокія дрэвы (напр., разеткавыя дрэвы афрыканскіх тропікаў выш. да 7 м). Сцёблы голыя або апушаныя. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае ці перыстарассечанае, сцябловае сядзячае, прыкаранёвае на чаранках. Кветкі ў адзіночных кошыках або сабраныя ў гронка-, шчыткападобнае ці мяцёлчатае суквецце, жоўтыя, аранжавыя, чырв., пурпурныя, фіялетавыя. Плод — сямянка. Лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Старасцень: 1 — дняпроўскі; 2 — прырэчны; 3 — веснавы; 4 — звычайны.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)