ПАРАСО́НАВЫЯ, сельдэрэевыя (Umbelliferae, Apiaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін. Каля 300 родаў, больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. колькасць — ва ўмераных і субтрапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 33 роды, 51 від. У Чырв. кнігу занесена 6 відаў П.: астранцыя вялікая, баршчэўнік звычайны, бядрынец вялікі, дзікая пятрушка аленевая, сіела прамая, шчыталіснік звычайны.
Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты або дрэўцы. Лісце звычайна простае, чаргаванае, моцна рассечанае. Кветкі дробныя ў складаных, часам простых, парасоніках ці галоўках. Плод — віслаплоднік. Ва ўсіх органах — эфіраалейныя ходы. Сярод П. шмат агароднінных (кмен, морква, сельдэрэй, пастарнак, пятрушка), тэхн. (каляндра, ферула), эфіраалейных (аніс, каляндра, фенхель), лек. (амі, кмен, ферула), дэкар. (астранцыя, баршчэўнік) раслін. Некат. моцна ядавітыя (балігалоў, цыкута), шэраг відаў (напр., снітка, цьмянец) пустазелле.
Літ.:
Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;
Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1981.
В.В.Маўрышчаў.
т. 12, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)