ГІБІ́СКУС

(Hibiscus),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (Н. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (Н. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (Н. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (Н. syriacus). Гасп. значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (Н. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (Н. esculentus).

Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)