РУ́ЖАВЫЯ, ружакветныя (Rosaceae),
сямейства двухдольных раслін. Больш за 120 родаў, каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 роды, каля 70 відаў. Сярод Р. пладовыя (абрыкос, айва, вішня, груша, міндаль, мушмула, сліва), ягадныя (ажына, клубніцы, маліна, марошка, суніцы), дэкар. (глог, ружа, спірэя), лек. (дуброўка, крывасмок, лаўравішня, шыпшына) расліны. Інтрадукавана больш за 500 відаў. Некат. віды (напр., валжанкі двухдольная і звычайная, дуброўка скальная, кізільнік алаунскі, сліва калючая, або цёрн, марошка прысадзістая) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Лістападныя і вечназялёныя дрэвы, кусты, травы. Лісце чаргаванае, радзей супраціўнае, простае ці складанае. Кветкі правільныя, пераважна двухполыя ў гронкавых, мяцёлчатых або шчытковых суквеццях. Плады рознага тыпу — сухія або сакаўныя, шматлістоўкі, каробачкі, арэшкі, касцянкі, яблыкі. Харч., лек., эфіраалейныя, тэхн., кармавыя, меданосныя, дэкар. расліны.
Літ.:
Вульф Е.В. Малеева О.Ф. Мировые ресурсы полезных растений. Л., 1969. Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1982.
т. 13, с. 433