КАРА́ІЧАЎ Леў Сяргеевіч (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.​Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).

Г.​Л.​Фатыхава.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЧЭНКА Мікалай Міхайлавіч (н. 16.3.1946, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1969 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. З 1987 выкладае ў Бел. АМ. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэн. малюнка вобраза; стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» М.​Чарота), Холад («Звон — не малітва» І.​Чыгрынава), Ягайла («Князь Вітаўт» А.​Дударава), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава), Вагін («Дзеці сонца» М.​Горкага), Менахем («Памінальная малітва» Р.​Горына), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Гаспадар («Саўдзельнікі» І.​Гётэ), Жорж («Жахлівыя бацькі» Ж.​Както), Люнгетран («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Шындзін («Мы, ніжэй падпісаныя» А.​Гельмана), Фініган («Гаральд і Мод» К.​Хігінса).

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАРЖ (Kolář) Іржы (н. 24.9.1914, Процівін каля г. Кладна, Чэхія),

чэшскі паэт, перакладчык, эсэіст, мастак. Член літ. «Суполкі 42», альтэрнатыўнай сац. рэалізму. У 1949—56 і пасля 1970 пазбаўлены магчымасці друкавацца на радзіме. З 1980 жыве ў Францыі. У л-ры і выяўленчым мастацтве пачаў з класічных форм, у 1930-я г. захапляўся сюррэалізмам, тэхнікай калажу, імкнуўся спалучыць л-ру і пластычнае мастацтва. Аўтар зб-каў вершаў «Хросны ліст» (1941), «Сем кантат» (1945), «Оды і варыяцыі» (1946), «Вршовіцкі Эзоп» (1966), «Новы Эпіктэт» (1968), для якіх характэрна дэпаэтызацыя, выкарыстанне розных лексічных пластоў, «высокага» і «нізкага» стыляў. За рукапіс кн. «Печань Праметэя» (нап. 1950, выд. 1979) зняволены ў турму. Стваральнік адмысловай сістэмы тэхнікі калажу, ілюстраваў раманы Ф.​Кафкі. Пераклаў на чэш. мову асобныя творы У.​Уітмена, Т.​Эліята, С.​Бекета, К.​Сэндберга, Т.​Уільямса, Э.​Олбі і інш.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЙПУ́НСКІ Аляксандр Ільіч (7.12. 1903, с. Драглі, цяпер Польшча — 14.8.1972),

украінскі і расійскі фізік, стваральнік навук. школы фізікаў-ядзершчыкаў. Акад. АН Украіны (1934). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1926). З 1929 у Фізіка-тэхн. ін-це ў Харкаве (у 1932—37 дырэктар), з 1941 у Ін-це фізікі АН Украіны (у 1944—49 дырэктар). З 1952 у Фіз.-энергет. ін-це (г. Обнінск, Расія), адначасова з 1946 у Маскоўскім інж.-фіз. ін-це. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, ядз. тэхніцы. Разам з інш. ўпершыню ў СССР здзейсніў расшчапленне атамнага ядра паскоранымі часціцамі (1932). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ядз. рэактары-размнажальнікі на хуткіх нейтронах і даказана магчымасць расшыранага ўзнаўлення ў іх ядз. гаручага. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

К 75-летию А.​И.​Лейпунского // Атомная энергия. 1978. Т. 45, вып. 5.

А.І.Ляйпунскі.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Сэмюэл (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),

англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ) і на псіхал. лінію рамана 19 ст.

Літ.:

Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;

Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ. М., 1966.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПЦО́Ў Васіль Аляксеевіч (31.7.1836, г. Варонеж, Расія — 4.4.1878),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1854—55). Ў 1857—62 быў чыноўнікам. Супрацоўнічаў у час. «Современник». Заснавальнік час. «Женский вестник» (1866—68). Стваральнік першай камуны (1863—64), дзе спрабаваў на практыцы ажыццявіць сац. ідэі (усеагульная праца, раўнапраўе жанчын). У 1866 прыцягваўся па справе Дз.​Каракозава; да канца жыцця знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Друкаваўся з 1861 (цыкл нарысаў «Уладзімірка і Клязьма»). «Лісты пра Асташкава» (1862—63) — падарожныя нататкі, якія паказвалі неадпаведнасць паміж абліччам і рэальным становішчам павятовага горада. Аповесць «Цяжкі час» (1865) пра лёс разначынца. Аўтар рамана «Добры чалавек» (1871, не завершаны), апавяданняў, фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1957;

Неизвестные страницы // Литературное наследство. М., 1963. Т. 71;

Избр. произв. Л., 1970;

Проза. М., 1986;

Трудное время: Рассказы и очерки, повесть. М., 1988.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЯДЭ́ЦКІ (Śniadecki) Анджэй (Енджэй; 30.11.1768, г. Жнін Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 12.5.1838),

польскі і рас. хімік, урач і асветнік, стваральнік навук. школы хімікаў. Брат Я.​Снядэцкага. Вучыўся ва ун-тах Кракава, Павіі (д-р філасофіі і медыцыны; 1793) і Эдынбурга. У 1797—1822 праф. хіміі, з 1826 — медыцыны Віленскага ун-та, з 1832,праф. Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні. У навук. даследаваннях і выкладанні хіміі прытрымліваўся антыфлагістычнай тэорыі А.​Лавуазье. Стварыў польскую хім. тэрміналогію; аўтар першага універсітэцкага падручніка па хіміі на польскай мове. У кн. «Тэорыя арганічных істот» (т. 1—3, 1804—38) выкладаў ідэю кругавароту элементаў у прыродзе, абмену рэчываў у жывым арганізме. Прапагандаваў і папулярызаваў дасягненні медыцыны, асаблівае значэнне надаваў прынцыпам сац. гігіены.

Літ.:

Капустинский А.Ф. Андрей Снядецкий и виленская школа химиков // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. М., 1956. Т. 12.

А.Снядэцкі.

т. 15, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТОЎН (Stone) Ірвінг (14.7.1903, г. Сан-Францыска, ЗША — 26.8.1989),

амерыканскі пісьменнік; стваральнік новага тыпу біяграфіі ў амер. л-ры. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г. Аўтар раманізаваных біяграфій «Прага да жыцця» (1934, пра В. ван Гога), «Марак у сядле» (1938, пра Дж.​Лондана), «Абарона Кларэнс Дэроу» (1941), «Яны таксама балаціраваліся» (1943), «Эл Уорэн» (1948), «Паходжанне. Біяграфічны раман пра Ч.​Дарвіна» (1980) і біягр. раманаў «Бессмяротная жонка» (1944), «Праціўнік у доме» (1947), «Жанчына прэзідэнта» (1951), «Каханне вечнае» (1954), «Пакуты і радасці» (1961, пра Мікеланджэла), «Тыя, хто любяць» (1965), «Страсці розуму» (1971, пра З.​Фрэйда), «Грэчаскі скарб» (1975) і інш., адметных гіст. і псіхал. дакладнасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Моряк в седле. Мн., 1984;

Жажда жизни. Мн., 1987;

Страсти ума, или Жизнь Фрейда. М., 1999.

Літ.:

Комаровская Т.Е. Творчество Ирвинга Стоуна. Мн., 1983.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́Т (Watt) Джэймс (19.1.1736, г. Грынак, Шатландыя — 19.8.1819),

англійскі вынаходнік, стваральнік універсальнага цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1785). З 1757 механік ун-та ў г. Глазга. Даследуючы мадэлі паравых машын Д.Папена і Т.Ньюкамена, зрабіў шэраг вынаходстваў, якія ўдасканалілі іх работу. Сканструяваў паравую машыну падвойнага дзеяння, у якой выкарыстаў цэнтрабежны рэгулятар, кандэнсатар пары, шарнірны механізм перадачы руху ад штока да балансіра (паралелаграм У.) і інш. (1774—84). Паравы рухавік У., дзякуючы сваёй эканамічнасці, атрымаў значнае пашырэнне і адыграў вызначальную ролю ў пераходзе да машыннай вытв-сці. Устанавіў састаў вады, увёў першую адзінку магутнасці — конскую сілу, сканструяваў ртутны манометр, вадамернае шкло ў паравых катлах і інш. Яго імем названа адзінка магутнасці ў СІ — ват.

Літ.:

Конфедератов И.Я. Джеймс Уатт — изобретатель паровой машины. М., 1969;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 164—165.

Дж.Уат.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТРУКЕ́ВІЧ Станіслаў Іванавіч (н. 25.5.1940, в. Правыя Масты Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі, артапедыі і хірургіі; адзін з заснавальнікаў касцёва-пластычнай хірургіі на Беларусі, стваральнік бел. школы пластычных хірургаў. Д-р мед. н. (1985), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (2000). Член міжнар. т-ва траўматолагаў-артапедаў. Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1967), дзе і працуе з 1967 (з 1986 заг. кафедры). Стажыраваўся ў Германіі (1993) і Аўстрыі (1995). Навук. працы па новых метадах аперацый на пазваночніку, канечнасцях і інш. Упершыню ў свеце распрацаваў новы спосаб падрыхтоўкі і кансервавання статычных тканак у сумесі раствораў альдэгідаў.

Тв.:

Пластика дефектов черепа. Гродно, 2002 (разам з А.​В.​Першукевічам);

Стимуляция репаративных процессов. Гродно, 2002 (разам з В.​Г.​Сцянько);

Альдегиды и их использование в хирургической практике. Гродно, 2003 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)