УА́Т (Watt) Джэймс (19.1.1736, г. Грынак, Шатландыя — 19.8.1819),
англійскі вынаходнік, стваральнік універсальнага цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1785). З 1757 механік ун-та ў г. Глазга. Даследуючы мадэлі паравых машын Д.Папена і Т.Ньюкамена, зрабіў шэраг вынаходстваў, якія ўдасканалілі іх работу. Сканструяваў паравую машыну падвойнага дзеяння, у якой выкарыстаў цэнтрабежны рэгулятар, кандэнсатар пары, шарнірны механізм перадачы руху ад штока да балансіра (паралелаграм У.) і інш. (1774—84). Паравы рухавік У., дзякуючы сваёй эканамічнасці, атрымаў значнае пашырэнне і адыграў вызначальную ролю ў пераходзе да машыннай вытв-сці. Устанавіў састаў вады, увёў першую адзінку магутнасці — конскую сілу, сканструяваў ртутны манометр, вадамернае шкло ў паравых катлах і інш. Яго імем названа адзінка магутнасці ў СІ — ват.
Літ.:
Конфедератов И.Я. Джеймс Уатт — изобретатель паровой машины. М., 1969;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 164—165.