СНЯДЭ́ЦКІ (Śniadecki) Анджэй (Енджэй; 30.11.1768, г. Жнін Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 12.5.1838),
польскі і рас. хімік, урач і асветнік, стваральнік навук. школы хімікаў. Брат Я.Снядэцкага. Вучыўся ва ун-тах Кракава, Павіі (д-р філасофіі і медыцыны; 1793) і Эдынбурга. У 1797—1822 праф. хіміі, з 1826 — медыцыны Віленскага ун-та, з 1832,праф. Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні. У навук. даследаваннях і выкладанні хіміі прытрымліваўся антыфлагістычнай тэорыі А.Лавуазье. Стварыў польскую хім. тэрміналогію; аўтар першага універсітэцкага падручніка па хіміі на польскай мове. У кн. «Тэорыя арганічных істот» (т. 1—3, 1804—38) выкладаў ідэю кругавароту элементаў у прыродзе, абмену рэчываў у жывым арганізме. Прапагандаваў і папулярызаваў дасягненні медыцыны, асаблівае значэнне надаваў прынцыпам сац. гігіены.
Літ.:
Капустинский А.Ф. Андрей Снядецкий и виленская школа химиков // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. М., 1956. Т. 12.