асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш.Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).
Літ.:
Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.
В.С.Пазднякоў.
Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫУТО́ПІЯ,
плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.Свіфта, Вальтэра, У.Ірвінга, С.Батлера, М.Е.Салтыкова-Шчадрына, Г.К.Чэстэртана, Г.Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.Замяціна («Мы»), О.Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.Лондана, К.Чапека, А.Франса, Р.Брэдберы, А.Азімава, І.Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.
Літ.:
Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;
Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,
магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж.літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:
Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял.кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял.кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял.кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ (грэч. Akadēmia),
назва навук., навуч., асветных, маст. устаноў і т-ваў. Слова «акадэмія» паходзіць ад імя стараж.-грэч. міфічнага героя Акадэма, у гонар якога былі названы свяшчэнныя сады, дзе Платон каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу (гл.Акадэмія платонаўская). У сярэднявеччы ў Еўропе і ў араб. краінах узніклі акадэміі як навук. і навуч. ўстановы. У 15—16 ст. гэта назва замацавалася ў Італіі за рознымі т-вамі, якія вывучалі мову і л-ру; пазней узніклі падобныя т-вы прыродазнаўства, эксперым. метадаў даследавання. З 2-й пал. 17 ст. ствараюцца акадэміі як навук. цэнтры (Акадэміі навук): Парыжская АН (1666), АН у Берліне (1700), Пецярбургская АН (1724), Рас. Акадэмія (Пецярбург, 1783). Важнае значэнне як навук. цэнтры маюць Нац.АН ЗША, Аўстрыйская, Шведская і інш. У Вялікабрытаніі ролю АН выконвае Лонданскае каралеўскае т-ва (1662). Цэнтр.навук. ўстанова Францыі — Ін-т Францыі (аб’ядноўвае 5 нац., у т. л. Парыжскую АН).
Старэйшая на тэр. Беларусі і Літвы — Віленская акадэмія, заснаваная ў 1579 (гл.Віленскі універсітэт). У 1775—81 існавала Гродзенская мед. акадэмія, на чале якой быў франц. хірург і анатам Ж.Э.Жылібер. На базе Полацкага езуіцкага калегіума была створана Полацкая акадэмія (1812—20). У 1840 у маёнтку Горы-Горкі заснавана першая на Беларусі вышэйшая с.-г.навуч. ўстанова — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1957—61 у Мінску існавала Акадэмія с.-г. навук БССР. Вышэйшай навук. установай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Акадэмія навук Беларусі (засн. ў 1929). У 1991 засн.Акадэмія кіравання, якая займаецца навук. і навуч. дзейнасцю, у 1992 — Акадэмія аграрных навук. У 1993 створана недзярж. вышэйшая навуч. ўстанова Акадэмія парламентарызму і прадпрымальніцтва. Статус акадэміі атрымалі некаторыя спец.ВНУ (гл.Беларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія, Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Акадэмія міліцыі, Акадэмія фізічнага выхавання і спорту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́Н (позналац. capitaneus военачальнік ад лац. caput галава),
1) воінскае званне (чын) афіцэрскага складу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў з сярэдніх вякоў да нашых дзён. Напачатку вядома ў Францыі як назва начальніка ваен. акругі, з 1558 яго сталі называць генерал-К., а камандзіра роты — К. У апошнім значэнні званне (чын) К. існавала ў арміях еўрап. краін, у т. л.ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. У ваен. флатах званне (чын) К. паходзіць ад назвы пасады начальніка каманды карабля і звычайна мае некалькі ступеней. У рас. арміі існавалі званні (чыны): К. (16 ст. — 1917), К.-паручнік (1705—98) і штабс-К. (1801—1917); у ВМФ — К. камандор (1707—32, 1751—64, 1798—1827, у 1764—98 наз. К. брыгадзірскага рангу), К. 1-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 2-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 3-га рангу (1713—32), К. 4-га рангу (1713—17), К. карабля (1701—13), К.-лейтэнант (1713—1884, 1909—11). У 1935 ва ўзбр. сілах СССР адноўлены воінскія званні К. для каманднага складу сухап. войск, ВПС і берагавых часцей ВМФ, а таксама К. 1, 2, 3-га рангаў і К.-лейтэнант для камандзіраў карабельнага складу ВМФ. Ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў інш. сілавых структурах дзяржавы званне К. адносіцца да малодшых афіцэраў. У ваен. флатах Рас. Федэрацыі, Украіны, Германіі і многіх інш. дзяржаў для афіцэраў карабельнага складу існуюць званні К. 1, 2, 3-га рангу (старшыя афіцэры) і К.-лейтэнант (малодшыя афіцэры).
2) Званне малодшага афіцэрскага складу міліцыі (паліцыі) у шэрагу краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
3) На суднах гандлёвага і рыбалоўнага (марскога і рачнога) флоту — старшая асоба ў экіпажы, на якую ўскладзена кіраванне суднам.
4) У Францыі ў 1622—1775 пасада камандзіра конных гвардзейцаў караля — каралеўскіх мушкецёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МІЧЫ,
усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст.тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.
Літ.:
Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],
азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.
Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл.Японскае пісьмо), дэванагары (гл.Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіцьарамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э.Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).
На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш.усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел.літ. мовы пасля ўтварэння БССР.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІН (Dublin; ірл.Бале-Аха-Кліях),
горад, сталіца Ірландыі. Размешчаны на У краіны, у вусці р. Ліфі, якая ўпадае ў зал. Дублін Ірландскага м. 915,5 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт. Каналамі Роял і Гранд злучаны з унутр. раёнамі. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае, прылада- і трактарабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, с.-г.), металаапр., харчасмакавая (піваварная, мясакансервавая, беконная, мукамольная, тытунёвая, вытв-сць віскі), тэкст. (шарсцяная і льняная), швейная, джутавая, буд. матэрыялаў. Дублінскі ун-т, Нац.ун-т, АН і Акадэмія мастацтваў. Тэатры. Штогадовы міжнар. Дублінскі тэатр. фестываль (з 1948).
Паходзіць ад стараж. назвы ўчастка р. Ліфі (Dubhlin — чорная затока). Упершыню ўпамінаецца пад 291. У 9 ст. заваяваны нарманамі, якіх паступова асімілявалі ірландцы. У 1170 захоплены англ. феадаламі, з канца 12 ст. цэнтр заваяванай імі калоніі. Гар. права з 1171. У 1613—1800 месца знаходжання ірл. парламента. З 17 ст. Д. — адзін з цэнтраў ірл.вызв. руху. У Д. адбылося Ірландскае паўстанне 1916. У 1919 тут засядаў Ірл. парламент, які абвясціў незалежнасць Ірландыі. Паводле англа-ірл. дагавора 1921 з Д. выведзены англ. гарнізон, горад стаў сталіцай Ірландскай вольнай дзяржавы, з 1949 — Ірландскай рэспублікі.
Са стараж. забудовы захаваліся замак (зараз Палац юстыцыі; 13 ст.), гатычныя царква Крайст-чэрч (1038—1225) і сабор Сент-Патрык (1190, перабудаваны пасля 1362). З 1757 перапланаваны цэнтр, дзе склаліся парадныя ансамблі ў стылі класіцызму. Парламент (1745—48), Трыніты-каледж (зараз ун-т; фасад — 1759), Чарлімант-хаўс (зараз Галерэя сучаснага мастацтва; 1763—70, арх. У.Чэймберс), ратуша (б. біржа; 1769, арх. Т.Кулі), Ірл. банк (1729—1805); будынкі «Чатырох судоў» (1786—1800), царква Сент-Джордж (1794—1802). У 1913 складзены план рэканструкцыі Д. (арх. П.Аберкрамбі); пабудаваны аэравакзал (1937—41), аўтавакзал (1951—53), шэраг жылых і прамысл. комплексаў. Музеі: Нац. музей, Нац. галерэя, Муніцыпальная галерэя сучаснага мастацтва, Грамадзянскі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСК,
горад абл. падпарадкавання ў Мінскай вобл., цэнтр Дзяржынскага р-на. На чыг. лініі (ст. Койданава) і аўтадарозе Мінск—Баранавічы. За 38 км ад Мінска. 24,6 тыс.ж. (1996).
Вядомы з 12 ст. як г. Крутагор’е. У 12—13 ст. пабудаваны Койданаўскі замак. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1442 як г. Койданава (назва паходзіць ад імя паўлегендарнага татарскага военачальніка Койдана, які нібыта быў тут разбіты ў 13 ст. ці знаходзіўся на службе ў войску ВКЛ у 14 ст.). З 1483 належаў кн. В.М.Вярэйскаму. магнатам Гаштольдам, з 1539 — вял.кн.ВКЛ Жыгімонту I Старому. У 1550—1831 належаў Радзівілам. З 1831 дзярж. маёмасць. Быў буйным цэнтрам кальвінізму, у 17 ст. пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. У 1588 мястэчка. З 1793 у Рас імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 каля Койданава адбылася Койданаўская бітва 1812. У 1871 праз мястэчка пракладзена чыгунка. У канцы 19 — пач. 20 ст. 2 вучылішчы, 2 яўр. школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, сінагога, мясц. прамысловасць. У 1897—4744 ж. У 1899 пабудавана Койданаўская запалкавая фабрыка«Дружына». З 1924 цэнтр Койданаўскага раёна (у 1932—37 нац. польскі). У 1932 горад перайменаваны ў Дзяржынск. У 1937—39 у Мінскім р-не, потым цэнтр Дзяржынскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Дз. і раёне 17 606 чал., дзейнічала Дзяржынскае патрыятычнае падполле. У 1970—11,5 тыс. жыхароў.
Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (з-ды доследна-мех., эксперым.-мех., маторарамонтны і інш.), лёгкая (швейная і тэкст. ф-кі, ільнозавод) і харч. Дзейнічае Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры — касцёл апекі Божай (2-я пал. 18 ст.), Пакроўская царква (1851). Памятны знак у гонар 850-годдзя заснавання Крутагор’я—Койданава—Дз. (1996). Помнік у гонар вызвалення горада.
Брацкая магіла чырвонаармейцаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга феадалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА І МЯФО́ДЗІЙ,
славянскія асветнікі, стваральнікі слав. азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Браты; нарадзіліся ў г. Салунь (цяпер Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі.
Кірыла (да прыняцця манаства ў 869 — Канстанцін; каля 827—14 2.869). Атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Пазней прызначаны настаўнікам філасофіі, за што празваны Філосафам. У пач. 860-х г. з дыпламат.-рэліг. місіяй наведаў хазар у грэч. калоніі Херсанес (Крым).
Мяфодзій (815—6.4.885). Быў на ваен. службе і 10 гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балг. абласцей, потым ігумен манастыра Паліхрон на беразе Мармуровага мора.
У 863 К. і М. запрошаны ў Маравію для пропаведзі хрысціянства на слав. мове. Прыбылі сюды са створанай імі слав. азбукай і ўласнымі перакладамі рэліг. кніг на слав. мову, царк. службу вялі па-славянску. З-за незадаволенасці ням. місіянераў, якія ў сваёй службе выкарыстоўвалі латынь, былі вымушаны пакінуць Маравію. У 867 па запрашэнні папы Мікалая I прыбылі ў Рым, дзе абаранялі права славян на родную мову ў літургіі. Пасля смерці ў Рыме Кірылы Мяфодзій пасвячоны ў сан епіскапа. У 882—884 жыў у Візантыі і Маравіі, дзе працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Імёны К. і М. сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва стараж.слав. азбукі кірыліцапаходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літ.стараслав. мовы, зразумелай тады ўсім слав. народам. На Беларусі пра дзейнасць К. і М. ведалі ўжо з 11 ст. праз творы Чарнарызца Храбра «О письменах» і праз жыціі К. і М. Асветнікі кананізаваны правасл. царквой як Роўнаапостальныя К. і М., настаўнікі Славенскія. 11 мая (с. ст.) — Дзень св. К. і М., які ў Балгарыі, а з 1986 і ў слав. рэспубліках б.Сав. Саюза, у т. л. на Беларусі, адзначаецца як дзень слав. пісьменства і культуры. Ушаноўваюцца як святыя і каталіцкай царквой. У Балгарыі існуе ордэн К. і М., якім на Беларусі ўзнагароджаны П.Броўка, Н.Гілевіч, В.Нікіфаровіч.
Літ.:
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Бернштейн С.Б. Константин-философ и Мефодий. М., 1984;
Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. 2 изд. М., 1988.