МІ́ЛЯ (англ. mile),
пазасістэмная адзінка даўжыні ў неметрычных сістэмах адзінак. Назва паходзіць ад лац. milia passum — «тысяча крокаў». У Стараж. Рыме М. вызначалі як «тысячу падвойных крокаў узбр. воіна (легіянера)» і лічылі яе роўнай 1481 м (пазней 1483,5 м). У сярэднія вякі ў краінах Еўропы прымяняліся розныя па лікавых значэннях нац. М. (напр., старая рус. М. раўнялася 7,468 км). У навігацыі выкарыстоўваюцца: міжнародная марская М. — даўж. 1 градуса дугі зямнога сфероіда на шыраце 44,5°, прынята роўнай 1,852 км, сухапутная (статутная, законная) М. — роўная 1609,344 м і брытанская марская (адміралцейская) М. — роўная 1853,184 м (ужываюцца ў англамоўных краінах); экватарыяльная М. — ’даўж. 1 градуса дугі зямнога экватара, роўная 1855,1 м; геаграфічная, або нямецкая М. — даўж. 4 градусаў дугі зямнога экватара, роўная 7420,4 м і інш.
А.І.Болсун.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)