спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст. тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.Пушкіна, Сымона-музыкі Я.Коласа, Караля Стаха У.Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.Дунін-Марцінкевіч, В.Каратынскі, Я.Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.Купалы і Я.Коласа, большасць твораў М.Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.
Літ.:
Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;
Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;
Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;
Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;
Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;
Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;
Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;
Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;
Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;
Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;
Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,
спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл.Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст.геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл.Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл.Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.Няхай, М.Свірачкоў, М.Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.Супрунчык, А.Маголін, І.Лізура, А.Лавор, Ф.Максімаў, М.Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл.гл. таксама да арт.Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;
Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр.М., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.Да арт.Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА,
від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.
Найб.стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант.вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял.гіст. змен і войнаў).
На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час.«Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац.маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.
Літ.:
Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;
Вып. 2;
Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.Мн., 1979;
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Графіка. Н.Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.Да арт.Графіка. Г.Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.Коласа «Выбранае». 1983.Да арт.Графіка. М.Селяшчук. Экслібрыс А.С.Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.Да арт.Графіка. А.Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.Да арт.Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.Да арт.Графіка. Я.Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.Да арт.Графіка. У.Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.Да арт.Графіка. А.Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.Да арт.Графіка. Р.Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.Да арт.Графіка. В.Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.Да арт.Графіка. Ф.Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.Да арт.Графіка. М.Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў графіцы пач. 16—17 ст. Склалася ў Вільні ў 1520-я г., развівалася ў ВКЛ ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, зах.-еўрап. мастацтвам і пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У.В.Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсх.-слав. землях, у т. л.Куцеінскай школы гравюры, Магілёўскай школы гравюры. Гал. ролю ў развіцці Віленскай школы гравюры адыгралі выданні Ф.Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні і інш.Асн. віды гравюры Віленскай школы дрэварыт (у кірылаўскіх) і медзярыт (у лацінска-польскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылаўскіх выданняў моцна паўплывалі традыцыі бел. жывапісу і драўлянай пластыкі. Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі і канцоўкі «Малой падарожнай кніжыцы», 1522, і «Апостала», 1525) і асабліва П.Мсціслаўца («Евангелле напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжыцы» спалучаюцца рысы позняй готыкі і рэнесансу; у больш позніх творах («Грамматіка словенска» Л.Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты 16 ст. ананімныя, медзярыты 17 ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы гравюры вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесійную тэматыку, простанароднасцю і каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найб. яскрава асаблівасці Віленскай школы гравюры выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Ветраграда душэўнага» (Вільня, 1620) і інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны 17 ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі і копіі з іх («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611, «Евангелле вучыцельнае», Еўе, 1616, і інш.). Значнымі маст. якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі. Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам і дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб’ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т.Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А.Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума...», 1672) паўплывалі на творчасць інш. майстроў. Сярод гравёраў школы Л.Тарасевіч, І.Шчырскі, Л.Кршчановіч, замежныя майстры К.Гётке, Д.Пельцэльда, Т.Шнопс, Л.Вілатц і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М.Вашчанка.
Літ.:
Стасов В.В. Разбор рукописного сочинения Д.А. Ровинского «Обозрение русского гравирования на металле и на дереве до 1725 года» // Собр. соч. СПб., 1894. Т. 2, отд. 3;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў-МУЗЕ́Й ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА (БДАМЛіМ),
навукова-даследчая ўстанова, якая займаецца зборам, аховай, вывучэннем і навук. выкарыстаннем дакумент. помнікаў л-ры і мастацтва. Створаны ў чэрв. 1960 у Мінску, з 1976 архіў-музей. Мае (1995) 400 фондаў (75 тыс. спраў): 348 асабістых фондаў, 9 калекцый і 43 фонды ўстаноў.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; навук. апісання дакументаў асабістага паходжання; інфарм.-пошукавых сістэм; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў.
Сярод фондаў — асабістыя фонды пісьменнікаў А.Адамовіча, З.Астапенкі, М.Багдановіча, С.Баранавых, І.Барашкі, Я.Брыля, К.Буйло, В.Быкава. Л.Бэндэ, М.Васілька, З.Верас, П.Галавача, Ц.Гартнага, С.Грахоўскага, А.Гурыновіча, У.Дубоўкі, Я.Дылы, А.Жаўрука, Х.Жычкі, Я.Журбы, У.Калесніка, У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, Е.Лось, М.Лужаніна, М.Лынькова, Я.Маўра, М.Машары, І.Мележа, Б.Мікуліча, А.Пальчэўскага, П.Пестрака, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русака, Я.Семяжона, Я.Скрыгана, М.Сурначова, М.Сяднёва, М.Танка, А.Ушакова, М.Хведаровіча, К.Чорнага, І.Шамякіна, С.Шушкевіча, С.Яновіча і інш.; акцёраў і рэжысёраў Г.Абуховіч, Л.Александроўскай, Дз.Арлова, І.Балоціна, Т.Бандарчык, С.Бірылы, Я.Віцінга, В.Галіны, Г.Грыгоніса, У.Дзядзюшкі, С.Друкер, І.Ждановіч і Б.Платонава, М.Забэйды-Суміцкага, М.Зюванава, З.Канапелькі, Р.Кашэльнікавай, А.Клімавай, П.Малчанава, Е.Міровіча, Р.Млодак, В.Пола, Л.Рахленкі, Л.Ржэцкай, К. і А.Саннікавых, С.Станюты, А.Труса, У.Уладамірскага; кампазітараў Л.Абеліёвіча, С.Аксакава, М.Аладава, А.Багатырова, Г.Вагнера, І.Гітгарца, Я.Глебава, В.Залатарова, А.Клумава, І.Любана, Р.Пукста, Ю.Семянякі, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна; мастакоў і скульптараў А.Астаповіча, І.Ахрэмчыка, М.Блішча, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, С.Геруса, І.Глебава, М.Дучыца, К.Завішы, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, Я.Красоўскага, У.Кудрэвіча, Б.Малкіна, А.Марыкса, Л.Рана, С.Селіханава, М.Тарасікава, А.Тычыны, А.Шаўчэнкі і інш. Захоўваюцца фонды саюзаў пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, журналістаў, тэатр. дзеячаў Беларусі; Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, Нац.т-ра імя Я.Купалы, Бел.т-ра імя Я.Коласа, Бел.дзярж. філармоніі; кінастудыі «Беларусьфільм»; аб’яднання «Маладняк»; выд-ваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», рэдакцый час. «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларусь», газ. «Літаратура і мастацтва». У архіве зберагаецца калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Бел. музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, якая змяшчае матэрыялы Бел.т-ва па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.к-та ў Магілёве, Бел.сацыяліст. грамады, Бел. сялянска-рабочай грамады, Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел.с.-д. партыі; дакументы БНР, Мін-вабел. спраў пры Літ. урадзе, Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Бел. вайсковай камісіі; матэрыялы бел.культ.-асв. арг-цый, выд-ваў, часопісаў, газет, у т. л. рэдакцыі газ. «Наша ніва»; асабістыя дакументы Л.Я.Дубейкаўскага, К.С.Дуж-Душэўскага, П.Я.Жаўрыда, В.Ю.Ластоўскага, І.І. і А.І.Луцкевічаў, А.А.Смоліча, Б.А.Тарашкевіча, А.І.Цвікевіча, Цёткі і інш. У б-цы архіва (25 тыс.экз.) захоўваюцца першыя выданні твораў М.Багдановіча, Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, газ. «Наша ніва», «Наша доля», час. «Маладняк», «Узвышша» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),
духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.
Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел.нац. К. ў працэсе дээтнізацыісац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв.культ. творчасці (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Ягож. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997;
Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА,
апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.
З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г. прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл.Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).
На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.
Літ.:
Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;
Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;
Беларусы: У 8 т.Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),
1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.