ГАЛАДЗЕ́Д Мікалай Мацвеевіч (21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНК БССР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК КП(б)Б з 1924 і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВК БССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​Ф.​Шумейка.

М.М.Галадзед.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РАХАЎ Іван Сямёнавіч (23.9.1762—25.4.1815),

расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.​Ф.​Паскевіча).

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКІ (Dowbor-Musnicki) Юзаф Рамуальдавіч (25.10.1867, мяст. Гарбаў Сандамірскага пав. Радамскай губ. — 28.10.1937),

рускі і польскі ваен. дзеяч, ген.-лейт. рус. арміі (1917), ген. броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць сав. улады на Беларусі ў 1918. Скончыў Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны. У час 1-й сусв. вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўн. франтах. У снеж. 1916 загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго пераведзены на Зах. фронт камандуючым 38-м арм. корпусам 10-й арміі. У крас. 1917 выведзены са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У ліп. 1917 арганізаваў на Зах. фронце 1-ы польскі корпус. 25.1.1918 аб’явіў вайну Сав. Рэспубліцы (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918). З канца 1918 служыў у польскім войску. У 1919 арганізатар і камандуючы польск. войскамі ў час антыгерм. паўстання ў т.зв. прускай Польшчы. Аўтар мемуараў пра дзейнасць 1-га польск. корпуса на Беларусі.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЧЭ́НКА Іван Абрамавіч (13.5.1894, в. Капачоўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1970),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1929). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У грамадз. вайну афіцэр белай арміі. У 1920 эвакуіраваўся ў Турцыю, дзе далучыўся да бел. нац. руху. У 1921 дыпламат, прадстаўнік урада БНР у Канстанцінопалі і ген. консул на Балканах, у 1922 нам. міністра замежных спраў БНР у Коўне. Заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. У 2-ю сусв. вайну з кастр. 1941 у Мінску ўзначальваў Беларускую народную самапомач (БНС), быў дарадчыкам ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. Вясной 1943 абвінавачаны ў парушэнні статутных задач БНС, змешчаны з усіх пасад, 27.4.1943 пераехаў у Прагу. У 1943 у Празе арыштаваны гестапа па справе забойства Кубэ. З 1948 у эміграцыі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў Злучанага бел.-амер. дапамогавага к-та ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Выступаў з артыкуламі ў акупац. і эмігранцкіх выданнях.

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛУ́ЦКІ Пётр Антонавіч (люты 1887, в. Круча Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.1.1937),

рэвалюцыянер, дзеяч РКП(б). З 1905 вёў рэв. работу ў Пецярбургу, Сібіры, на Д.​Усходзе. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1907 чл. РСДРП. Адзін з арганізатараў выдання бальшавіцкіх газ. «Звезда», «Правда». Дэлегат VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (1912). За рэв. дзейнасць некалькі разоў быў арыштаваны і сасланы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета, дэлегат VII (Красавіцкай) Усерас. канферэнцыі і VI з’езда РСДРП(б). У час Кастр. ўзбр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. У грамадз. вайну чл. Ваен. савета Усх. і Зах. франтоў. У 1920—22 канд. у чл. ЦК, у 1923—25 чл. ЦК РКП(б). Абвінавачаны ва ўдзеле ў «трацкісцка-зіноўеўскай апазіцыі», у 1927 выключаны з РКП(б) (у 1928 адноўлены). У 1928—32 на гасп. рабоце. У 1934 арыштаваны, у 1935 асуджаны на 5 гадоў зняволення, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1962.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ Віктар Отан Сямёнавіч (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),

гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац. вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал. ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.​Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.

Літ.:

Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст. літ. зб. Мн., 1990. [Вып. 1].

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМАНО́ВІЧ Майсей Іосіфавіч (1888, с. Рыбінскае Краснаярскага краю, Расія — 27.11.1937),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З крас. 1917 чл. франтавога к-та Зах. фронту, з ліст. 1917 заг. арганізац. аддзела ВРК Зах. фронту, нач. Мінскага гарнізона, камісар па харчаванні Аблвыкамзаха, у 1918 адначасова в.а. старшыні СНК Зах. вобласці і фронту. У 1919 чл. 1-га ўрада БССР, нам. старшыні ЦВК, нарком харчавання БССР, потым Літ.-Бел. ССР, чл. Савета абароны, заг. аддзела харчавання Мінскага губ. ВРК. З 1920 на гасп. рабоце на Украіне, у Сібіры, нарком харчавання РСФСР, старшыня праўлення Дзяржбанка СССР. З 1934 нарком збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў СССР. 11.6.1937 арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1918—19, чл. ЦК КП(б)ЛіБ у 1919, чл. ЦКК ВКП(б) у 1927—30, канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1930—37. Чл. ЦВК БССР у 1919—20.

Я.​С.​Фалей.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛО́ВІЧ (Karłowicz) Мечыслаў (11.12.1876, в. Вішнева Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.2.1909),

польскі кампазітар, дырыжор. Сын Я.Карловіча. Вучыўся кампазіцыі і скрыпічнай ігры ў Гайдэльбергу (Германія), Варшаве і Берліне. Арганізатар (1902) і дырыжор (у 1905—06 гал. дырыжор) сімф. аркестра пры Варшаўскім муз. т-ве. З 1906 удзельнік групы кампазітараў «Маладая Польшча». Першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі. Асн. творы: праграмная сімфонія «Адраджэнне» (1902), 7 сімф. паэм, у т. л. «Зваротныя хвалі», «Станіслаў і Ганна Асвецімы» (1907), «Эпізод на маскарадзе» (1908); камерна-інстр. ансамблі; фп. творы; рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў. Цікавіўся фальклорам, у т. л. беларускім. У 1900 запісаў некалькі ўзораў бел. муз. фальклору, асобныя запісы выкарыстаў у сімф. трыпціху «Адвечныя песні» (1904—06) і ў «Літоўскай рапсодыі» (1906). Муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Бэлза И. Мечислав Карлович. М.; Л., 1951;

Карасиньская И. Ян и Мечислав Карловичи и их роль в развитии русско-польских связей // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963.

Г.​І.​Цітовіч.

М.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЭДЗІ (Kennedy) Джон Фіцджэралд (29.5.1917, г. Бруклайн, ЗША — 22.11.1963),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Брат Р.Ф.Кенэдзі. Скончыў Гарвардскі ун-т (1940). Удзельнік 2-й сусв. вайны, афіцэр флоту. Пасля вайны журналіст. У 1947—53 чл. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, у 1953—61 сенатар ад штата Масачусетс. У 1961—63 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. Намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. рэформ, у т. л. абмежаваць расавую дыскрымінацыю неграў у ЗША, імкнуўся вырашыць складаныя міжнар. праблемы праз перагаворы (напр., Карыбскі крызіс 1962). Аўтар кніг «Нацыя імігрантаў» (1959), «Рысы мужнасці» (1962) і інш. Забіты ў г. Далас у час паездкі па краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1964. Паводле афіц. версіі спец. камісіі на чале з старшынёй Вярх. суда ЗША Э.​Уорэнам (вер. 1964), прызначанай прэзідэнтам ЗША Л.​Джонсанам, К. забіў амерыканец Л.​Х.​Освальд (некаторы час жыў у Мінску), які нібыта дзейнічаў адзін.

Літ.:

Громыко А. Даллаская трагедия // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

Дж.Кенэдзі.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЗЕ́ВІЧ Кароль Ота (4.5.1762, Асітэн каля г. Елгава, Латвія — 9.5.1842),

вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. З бел. шляхты. Вучыўся ў Варшаўскай рыцарскай школе (1774—77). Служыў у кароннай артылерыі ў Беластоку, Седльцах, на Падоллі. Удзельнік вайны з Расіяй 1792, паўстання 1794, ген.-маёр. У час Мацяёвіцкай бітвы 1794 трапіў у палон. Пасля вызвалення з ліст. 1794 у Італіі, дзе ваяваў на баку Напалеона, у 1800 удзельнічаў у вайне супраць Аўстрыі, генерал брыгады. З 1801 у адстаўцы. У 1812 зноў на службе, генерал дывізіі ў штабе Ж.​Банапарта. На чале 18-й дывізіі ваяваў пад Смаленскам, Барадзіном, у бітве на Бярэзіне камандаваў корпусам, паранены. У знак пратэсту супраць польск. палітыкі Напалеона ў 1813 выйшаў у адстаўку. Інтэрніраваны аўстр. ўладамі. У 1814 увайшоў у Вайсковы к-т для арганізацыі арміі Каралеўства Польскага. З 1815 у адстаўцы, жыў у Дрэздэне. У час паўстання 1830—31 пасланы паўстанцкімі ўладамі ў Парыж за падтрымкай, але вынікаў не дамогся, застаўся ў Парыжы.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)