ЕРМАЧЭ́НКА (Іван Абрамавіч) (13.5.1894, в. Капачоўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1970),
бел. паліт. дзеяч. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1929). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У грамадз. вайну афіцэр белай арміі. У 1920 эвакуіраваўся ў Турцыю, дзе далучыўся да бел. нац. руху. У 1921 дыпламат, прадстаўнік урада БНР у Канстанцінопалі і ген. консул на Балканах, у 1922 нам. міністра замежных спраў БНР у Коўне. Заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. У 2-ю сусв. вайну з кастр. 1941 у Мінску ўзначальваў Беларускую народную самапомач (БНС), быў дарадчыкам ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Вясной 1943 абвінавачаны ў парушэнні статутных задач БНС, змешчаны з усіх пасад, 27.4.1943 пераехаў у Прагу. У 1943 у Празе арыштаваны гестапа па справе забойства Кубэ. З 1948 у эміграцыі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў Злучанага бел.-амер. дапамогавага к-та ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Выступаў з артыкуламі ў акупац. і эмігранцкіх выданнях.
т. 6, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)