КНЯЗЕ́ВІЧ (Кароль Ота) (4.5.1762, Асітэн каля г. Елгава, Латвія — 9.5.1842),

вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. З бел. шляхты. Вучыўся ў Варшаўскай рыцарскай школе (1774—77). Служыў у кароннай артылерыі ў Беластоку, Седльцах, на Падоллі. Удзельнік вайны з Расіяй 1792, паўстання 1794, ген.-маёр. У час Мацяёвіцкай бітвы 1794 трапіў у палон. Пасля вызвалення з ліст. 1794 у Італіі, дзе ваяваў на баку Напалеона, у 1800 удзельнічаў у вайне супраць Аўстрыі, генерал брыгады. З 1801 у адстаўцы. У 1812 зноў на службе, генерал дывізіі ў штабе Ж.​Банапарта. На чале 18-й дывізіі ваяваў пад Смаленскам, Барадзіном, у бітве на Бярэзіне камандаваў корпусам, паранены. У знак пратэсту супраць польск. палітыкі Напалеона ў 1813 выйшаў у адстаўку. Інтэрніраваны аўстр. ўладамі. У 1814 увайшоў у Вайсковы к-т для арганізацыі арміі Каралеўства Польскага. З 1815 у адстаўцы, жыў у Дрэздэне. У час паўстання 1830—31 пасланы паўстанцкімі ўладамі ў Парыж за падтрымкай, але вынікаў не дамогся, застаўся ў Парыжы.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)