вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭСІРО́ЎКА (ад франц. dresser выпраўляць, навучаць),
уздзеянне рознымі метадамі на жывёл для выпрацоўкі і замацавання ў іх пэўных умоўных рэфлексаў і навыкаў. Д. скарыстоўваюць пры падрыхтоўцы праграм у цырку, у службовай сабакагадоўлі. «Дзікая», ці болевая Д., калі жывёла выконвае практыкаванні пад страхам пакарання, панавала ў цырку да канца 19 ст. «Мяккая», гуманная Д. будуецца на прыёмах ласкавага абыходжання і заахвочвання ежай; яе заснавальнік — ням. дрэсіроўшчык К.Гагенбек, у Расіі — У.Л.Дураў. Комплексная Д. спалучае абодва прынцыпы, распаўсюджана ў сучасным цырку.
Д. ў цырку як жанр мастацтва вядома са старажытнасці (Кітай, Індыя, Егіпет, Стараж. Грэцыя і Рым, Візантыя). Дрэсіраваных сабак, мядзведзяў і інш. жывёл паказвалі ў сярэднія вякі ў Еўропе. У 13—14 ст. асабліва была развіта Д. коней. На Беларусі з 1-й трэці 16 ст. ўпамінаюцца скамарохі, якія выступалі з дрэсіраванымі звярамі. У 1770-я г.вядомы павадыр мядзведзя Т.Марачэўскі. Існавалі школы Д. мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска і інш., найб. вядомая з іх т. зв.«Смаргонская акадэмія». Зберагліся выявы бел. дрэсіроўшчыкаў на вырабах 18 ст. Урэцкай і Налібоцкай гут, на франц. афішах, польск. і ням. гравюрах. У Мінскім і Гомельскім цырках паказваюць атракцыёны з удзелам дрэсіраваных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАЗА́ЎРЫ (Dinosauria),
самая шматлікая група вымерлых паўзуноў падкл. архазаўраў. 2 атр.: Д. яшчаратазавыя (Saurischia) і Д. птушкатазавыя (Omithischia). Больш за 600 відаў. Паходзілі ад трыясавых архазаўраў — тэкадонтаў, вядомы з трыясу да мелу на ўсіх мацерыках (акрамя Антарктыды). Росквіт у юрскім перыядзе. Паявіліся на Зямлі каля 225 млн., вымерлі каля 65 млн. гадоў назад.
Даўж. цела ад 20—60 см (кампсагнаты) да 30 м, маса ад 3 кт да 136 т (ультразаўр). Галава адносна малая, поласць чэрапа зусім маленькая. Тазавы пояс у Д. яшчаратазавых 3-прамянёвы, у птушкатазавых 4-прамянёвы. Першыя з Д. яшчаратазавых (тэраподы) хадзілі на 2 нагах, пярэднімі канечнасцямі захоплівалі здабычу. Д. яшчаратазавыя — драпежнікі, ад іх паходзілі расліннаедныя (заўраподы); буйныя, хадзілі на 4 нагах (апатазаўры, брахіязаўры, дыпладокі). Д. птушкатазавыя спачатку ўстойліва трымаліся і хадзілі на 2 нагах (арнітаподы), потым на 4. Некат. з іх мелі шыпы і пласціны на спіне і хвасце (стэгазаўры) ці панцыр і рогі на галаве (цэратапсы), цела было ўкрыта панцырам (анкілазаўры). Адкладвалі яйцы. Кіроўныя выкапнёвыя (з дапамогай іх рэшткаў вызначаюць геал. ўзрост кантынентальных адкладаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ КАСТЭ́Р ((De Coster) Шарль) (20.8.1827, г. Мюнхен, Германія — 7.5.1879),
бельгійскі пісьменнік. Пісаў на франц. мове. Скончыў Брусельскі ун-т (1855). Першыя паэт. творы з’явіліся ў канцы 1840-х г. Аўтар зборнікаў «Фламандскія легенды» (1858), «Брабанцкія апавяданні» (1861), гіст. драмы «Стэфанія» (нап. 1853—55), псіхал. рамана «Вясельнае падарожжа» (1872), паэм, літ.-крытычных артыкулаў. Самы вядомы яго твор — «Легенда пра Уленшпігеля і Ламэ Гудзака, пра іх доблесныя, забаўныя і найславуцейшыя справы ў Фландрыі і іншых землях» (1867). Прысвечаны падзеям Нідэрландскай бурж. рэвалюцыі 16 ст., нар. руху гезаў у барацьбе Фландрыі з Іспаніяй за сваю незалежнасць, гэты твор стаў своеасаблівай «нацыянальнай бібліяй Бельгіі». Выразныя рэаліст. тэндэнцыі спалучаюцца ў творы з элементамі рамантызму, глыбокі гістарызм, тыпізацыя — з фалькл. матывамі, мяккім лірызмам. У перакладзе на бел. мову раман выд. ў 1940. Бел. кампазітар Я.Глебаў паводле рамана напісаў музыку да балета «Тыль Уленшпігель» (паст.Бел.дзярж. т-рам оперы і балета ў 1974, 2-я рэд. 1978), а таксама сімф. паэму «Успаміны пра Тыля» (1977).
Тв.:
Рус.пер. — Легенда об Уленшпигеле и Ламме Гудзаке... Мн., 1984;
Фламандские легенды. М., 1975.
Літ.:
Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУДО́К,
гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц.прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс.сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Дняпро. За 83 км ад Гомеля. Вузел чыгунак на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы і аўтадарог на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. 69,8 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 15 ст. ў ВКЛ, належаў Хадкевічам. З сярэдзіны 16 ст. ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У 15—17 ст. існаваў Жлобінскі замак. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. праз Ж. пракладзена Лібава-Роменская чыг., у 1902 чыг. Пецярбург—Адэса. У 1880 і 1909 амаль поўнасцю знішчаны пажарам. У 1897—2100 ж. Дзейнічалі цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад. У 1939—19,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 14.8.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 3091 чал. Дзейнічала Жлобінскае патрыятычнае падполле. У 1959—19,2 тыс.ж., у 1970—25,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы лёгкай (Жлобінская фабрыка штучнага футра), металургічнай (Беларускі металургічны завод), харч., буд. матэрыялаў прам-сці; Жлобінская фабрыка інкрустацыі. Дзейнічае Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Вайсковыя могілкі, магілы ахвяр фашызму і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),
рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЛУ́ДАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́МЕННЫ СПЕЎ, стаўповы спеў,
асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл.Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл.Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл.Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).