ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА,
міфалагічны вобраз народнага падання. Вядомы ўсх. славянам і інш. народам. Паводле падання, апоўначы на Купалле ў лясным гушчары раз на год зацвітае папараць. Высачыць і сарваць гэтую кветку, якую ахоўваюць розныя пачвары і страшыдлы, можа толькі адважны і сумленны чалавек. Сарваўшы кветку, ён стане празорлівым і зразумее гаворку дрэў і траў, звяроў і птушак, яму адкрыюцца заклятыя ў зямлі скарбы. У гэтым паданні пра цудадзейную П.-к. ўвасоблена мара чалавека аб шчасці, імкненне да пазнання таямніц свету. У бел. фальклоры паданне мела шмат варыянтаў, у т.-л. і сац. пераасэнсаванне. Міфалагічны матыў П.-к. шырока выкарыстаны ў л-ры і мастацтве. Да яго звярталіся М.Гогаль, Ю.Крашэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, У.Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І.Козел (п’еса «Папараць-кветка»), А.Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле муз. драмы М.Чарота «На Купалле»).
А.С.Ліс.
т. 12, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)