РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),
бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.Брукнера і У.Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Літ.:
Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;
Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.
А.В.Мальдзіс.
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)