РЭФЕРЭ́НДАР (ад лац. referendarius службовая асоба),

пасада (урад) у Рэчы Паспалітай. У Польшчы пасады свецкага і духоўнага Р. уведзены ў 1507, у ВКЛ вядомы адпаведна з 1539 і 1575. Выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест канцлеру (а той даводзіў іх да караля), паведамлялі рашэнні манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Знаходзіліся стала пры каралю, давалі яму парады. У 1633 духоўны Р. ВКЛ атрымаў права ўдзельнічаць у пасяджэннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 ураўнаваны ў правах з каронным духоўным Р., засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы. У гэты час у ВКЛ заснаваны рэферэндарскі суд (ажыццяўляўся аднаасобна духоўным Р.) як вышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд. У 1540—70-я г. пасада Р. існавала і ў Падляшскім ваяв.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)