РУБЯЖЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Сула, на скрыжаванні аўтадарог на Стоўбцы, Івянец, Дзяржынск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 59 км ад Мінска. 308 ж. 143 двары (2001). Сярэдняя школа, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл.
Вядомы з 14 ст., з 1550 належалі Радзівілам. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1897 у мястэчку 1482 ж., у 1909—1102 ж., 144 двары, царк.-прыходская школа, царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1911 пабудаваны Іосіфаўскі касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1921—22 тут фарміраваліся атрады С.Булак-Балаховіча. З вер. 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Івянецкага, з 17.4.1962 — Стаўбцоўскага р-наў.
А.І.Валахановіч.
т. 13, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)