ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),
старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст.Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЦЫ́НЫ,
група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ.ўрач Э.Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).
Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен.ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТС (Keats) Джон (31.10.1795, Лондан — 23.2.1821),
англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМАНСО́ (Clemenceau) Жорж Бенжамэн (28.9.1841, Муйрон-ан-Парэ, Францыя — 24.11.1929),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1918). Па адукацыі ўрач. У перыяд Другой імперыі ў рэсп. апазіцыі. У дні Парыжскай камуны 1871 як дэпутат Нац. сходу ўдзельнічаў у няўдалых перагаворах з камунарамі. У 1875 узначальваў гар. савет Парыжа. У 1876 зноў абраны дэпутатам Нац. сходу (да 1893), узначальваў яго радыкальна-рэсп. крыло. У час працэсу над капітанам А.Дрэйфусам абараняў яго. З 1902 сенатар. У 1906—09 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў (прычынай падзення яго кабінета сталі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў забастовачнага руху). У 1917—20 зноў прэм’ер-міністр і ваен. міністр. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (яе старшыня), аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919, арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі. Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 1920 адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар прац «Дэмасфен» (1925), «Бляск і ўбоства адной перамогі» (1930) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́НІН Іван Дзмітрыевіч (9.2.1899, г. Марыупаль Данецкай вобл., Украіна — 11.8.1974),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Акад.АН Беларусі (1966), д-рмед.н. (1941), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Засл.ўрач РСФСР (1945). Скончыў ун-т у г. Растоў-на-Доне (Расія, 1921), працаваў у ім. З 1931 у Ін-це працы і прафесійных захворванняў. З 1938 у Дагестанскім мед. ін-це (заг. кафедры). У 1949—66 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па рэўматызме, гепатытах, інтэрацэптыўных раздражненнях і каранарнай недастатковасці, патагенезе і лячэнні пнеўманій, уплыве ачаговых запаленняў на ўнутр. органы і нерв. сістэму, фіз. метадах дыягностыкі. Даследаваў клініку, укараніў у практыку новы спосаб лячэння інтэрстэцыяльных нефрытаў, рэфлекторны метад лячэння сардэчнай недастатковасці і падскурных трансфузій крыві.
Тв.:
Рефлекторный принцип в лечении сердечной недостаточности // Здравоохранение Белоруссии. 1957. № 2;
О патогенезе гиперхолестеринемии (разам з С.В.Ткачовым) // Докл.АНБССР. 1970. Т. 14, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУПНЯ́К,
цяжкае інфекцыйнае захворванне чалавека і жывёл, якое характарызуецца прыступамі сутаргавых скарачэнняў мускулатуры. Апісаны Гіпакратам. Выклікаецца слупняковай палачкай, якую адкрыў ням.ўрач А.Нікалаер (1884); іх споры могуць знаходзіцца ў кішэчніку жывёл, птушак, чалавека, у глебе. Пранікаюць у арганізм пры траўмах (рана, апёкі, трэшчыны і інш.). На месцы ўкаранення ўзбуджальнік пачынае размнажацца і выдзяляць таксіны з нейратропнымі ўласцівасцямі, якія выклікаюць паталаг. ўзбуджэнне клетачных элементаў.
У чалавека вылучаюць 4 формы С.: генералізаваную, лакальную, энцэфалітычную, неанатальную. Прыкметы: боль у ране, паторгванне мышцаў вакол яе, агульная патлівасць, сутаргі жавальных (трызм), мімічных («сарданічная ўсмешка») і дыхальных мышцаў. Далейшае развіццё С. прыводзіць да гіпертонусу доўгіх мышцаў спіны, жывата і канечнасцей. Сутаргі суправаджаюцца частым пульсам, прытомнасць захоўваецца. Моцныя гукі, святло, кашаль і інш. вонкавыя і ўнутр. раздражняльнікі ўзмацняюць сутаргі. У жывёл назіраецца напружанне жавальных мышцаў, пазней сутаргі ўсіх мышцаў, агульнае здранцвенне. Хворых на С. жывёл ізалююць і лечаць (антыбіётыкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНГ, Янг (Young) Томас (13.6.1773, г. Мілвертан, Вялікабрытанія —10.5.1829), англійскі фізік, астраном і ўрач; адзін са стваральнікаў фіз. і хвалевай оптыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1794) і яго сакратар (з 1802). Вучыўся ў Лонданскім, Эдынбургскім і Гётынгенскім ун-тах. З 1811 урач у шпіталі св. Георгія (Лондан), адначасова з 1818 сакратар Бюро даўгот і кіраўнік выдання «Марскога календара». Навук. працы па фіз. і фізіял. оптыцы, акустыцы, механіцы, астраноміі і інш. Даследаваў інтэрферэнцыю і дыфракцыю святла, вызначыў даўжыні светлавых хваль розных колераў (1801—03), выказаў гіпотэзу аб папярочнасці светлавых хваль (1817). Распрацаваў тэорыю колеравага зроку, растлумачыў акамадацыю вока. Увёў асн. характарыстыку пругкасці матэрыялаў — Юнга модуль (1807), упершыню звярнуў увагу на ўзаемасувязь мех. работы і энергіі. Прымаў удзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для дадатку да «Брытанскай энцыклапедыі», займаўся расшыфроўкай егіпецкіх іерогліфаў.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970;
Творцы физической оптики: Сб. ст.М., 1973;
Степанов Б.И. Очерки по истории оптической науки. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́Ч Аляксандр Канстанцінавіч (24.4.1918, в. Грамошча Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 14.11.1989),
бел. вучоны ў галіне гісторыі медыцыны, арг-цыі аховы здароўя. Канд.мед.н. (1968). Засл.ўрач Беларусі (1964). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1948). З 1954 заг. Полацкага абл. аддзела аховы здароўя, з 1957 заг. 4-га Гал. ўпраўлення Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Садзейнічаў пашырэнню базы лячэбна-прафілакт. устаноў і санаторна-курортнай справы, будаўніцтву на Беларусі і ў курортных зонах СССР многіх санаторыяў, у т. л. Аксакаўшчына, Нясвіж, Друскінінкай. З 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). У 1973—89 дырэктар Бел.рэсп.т-ва гісторыкаў медыцыны. З 1985 кіраваў музейнай групай у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па ўкараненні ў практыку прагрэсіўных форм і метадаў мед. дзейнасці, гісторыі развіцця аховы здароўя і медыцыны, праблемах сельскай медыцыны і інш.
Тв.:
Развитие здравоохранения и медицины в г. Минске в период капитализма (1861—1917). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАЛІ́ЗМ (ад лац. vitalis жыццёвы),
кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.
Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням.ўрач Г.Э.Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).
Літ.:
Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;