ГІПАКРА́Т
(Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),
старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст. Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)