ЮНГ, Янг (Young) Томас (13.6.1773, г. Мілвертан, Вялікабрытанія —10.5.1829), англійскі фізік, астраном і ўрач; адзін са стваральнікаў фіз. і хвалевай оптыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1794) і яго сакратар (з 1802). Вучыўся ў Лонданскім, Эдынбургскім і Гётынгенскім ун-тах. З 1811 урач у шпіталі св. Георгія (Лондан), адначасова з 1818 сакратар Бюро даўгот і кіраўнік выдання «Марскога календара». Навук. працы па фіз. і фізіял. оптыцы, акустыцы, механіцы, астраноміі і інш. Даследаваў інтэрферэнцыю і дыфракцыю святла, вызначыў даўжыні светлавых хваль розных колераў (1801—03), выказаў гіпотэзу аб папярочнасці светлавых хваль (1817). Распрацаваў тэорыю колеравага зроку, растлумачыў акамадацыю вока. Увёў асн. характарыстыку пругкасці матэрыялаў — Юнга модуль (1807), упершыню звярнуў увагу на ўзаемасувязь мех. работы і энергіі. Прымаў удзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для дадатку да «Брытанскай энцыклапедыі», займаўся расшыфроўкай егіпецкіх іерогліфаў.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970;

Творцы физической оптики: Сб. ст. М., 1973;

Степанов Б.И. Очерки по истории оптической науки. Мн., 1978.

А.​І.​Болсун.

Т.Юнг.

т. 18, кн. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)