СЛУПНЯ́К,

цяжкае інфекцыйнае захворванне чалавека і жывёл, якое характарызуецца прыступамі сутаргавых скарачэнняў мускулатуры. Апісаны Гіпакратам. Выклікаецца слупняковай палачкай, якую адкрыў ням. ўрач А.​Нікалаер (1884); іх споры могуць знаходзіцца ў кішэчніку жывёл, птушак, чалавека, у глебе. Пранікаюць у арганізм пры траўмах (рана, апёкі, трэшчыны і інш.). На месцы ўкаранення ўзбуджальнік пачынае размнажацца і выдзяляць таксіны з нейратропнымі ўласцівасцямі, якія выклікаюць паталаг. ўзбуджэнне клетачных элементаў.

У чалавека вылучаюць 4 формы С.: генералізаваную, лакальную, энцэфалітычную, неанатальную. Прыкметы: боль у ране, паторгванне мышцаў вакол яе, агульная патлівасць, сутаргі жавальных (трызм), мімічных («сарданічная ўсмешка») і дыхальных мышцаў. Далейшае развіццё С. прыводзіць да гіпертонусу доўгіх мышцаў спіны, жывата і канечнасцей. Сутаргі суправаджаюцца частым пульсам, прытомнасць захоўваецца. Моцныя гукі, святло, кашаль і інш. вонкавыя і ўнутр. раздражняльнікі ўзмацняюць сутаргі. У жывёл назіраецца напружанне жавальных мышцаў, пазней сутаргі ўсіх мышцаў, агульнае здранцвенне. Хворых на С. жывёл ізалююць і лечаць (антыбіётыкі і інш.).

А.​А.​Астанаў.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)