рускі пісьменнік. Вучыўся ў Бакінскім палітэхнікуме (1919—20). Першае апавяд. «Лорд Байран» (1928, з Б.Пільняком). Зб-кі «Азіяцкія апавяданні» (1929), «Стамбул і Турцыя» (1930), «Анатолія» (1932) у традыцыях рамант. «усходняй» л-ры. Аўтар раманаў «Барыкады» (1932), «Шчасце» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рускай аповесці» (1942), кн. «Падарожжа ў Туркменістан» (1932), «Італьянскія ўражанні» (1951), п’ес, артыкулаў, нарысаў, успамінаў і інш. За кінасцэнарыі «Аляксандр Неўскі» (1938, з С.Эйзенштэйнам), «Клятва» (1946), «Падзенне Берліна» (1949) Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1950. У нарысах «Капітан Гастэла» (з П.Крыловым; адно з першых паведамленняў у друку пра подзвіг лётчыка на бел. зямлі), «З запісных кніжак ваенных гадоў (Ад Паўночнага Каўказа да Прыбалтыкі, 1942—45)», «Віцебск, 26 чэрвеня», «Што адбылося», «На Барысаў», «Канец адной нямецкай дывізіі», «Па дарогах Беларусі і Літвы», апавяданнях «На шашы», «У наступленні», «Ініцыятыва», «Манеўр» — падзеі, звязаныя з вызваленнем Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў. На бел. мове выйшлі яго раман «На Усходзе» (1938) і аповесць «Стэпавае сонца» (1950, пер. М.Лупсякоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧЫНЫ,
дзекабрысты, браты, н. ў Маскве. Іван Іванавіч П. (15.5.1798—15.4.1859). Вучыўся ў Царскасельскім ліцэі разам з А.С.Пушкіным. З 1817 афіцэр гвардз. коннай артылерыі. З 1823 у адстаўцы. Са снеж. 1823 суддзя Маскоўскага надворнага суда. Чл. «Свяшчэннай арцелі» (1816—17), «Саюза выратавання» (з 1817), «Саюза дабрабыту» (з 1818). У 1823 стварыў Пецярбургскую, у 1825 Маскоўскую ўправы Паўн.т-ва дзекабрыстаў. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання на Сенацкай плошчы. 16.12.1825 арыштаваны, асуджаны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененай 20-гадовай катаргай. З 1839 на пасяленні. Пасля амністыі 1856 у Падмаскоўі. Аўтар «Запісак пра Пушкіна».
Міхаіл Іванавіч П. (1800—25.5.1869). У 1816 скончыў 1-ы кадэцкі корпус. У 1819—24 капітан, камандзір коннага эскадрона Сямёнаўскага корпуса. 15.12.1825 арыштаваны, прыгавораны Вярх. судом да пазбаўлення чына і дваранства, разжалаваны ў радавыя. З 1835 у адстаўцы, жыў у маёнтку Парычы Бабруйскага пав. (цяпер г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.). У 1857 паводле рашэння рас. Сената П. вернуты ранейшы чын. У 1865 пажалаваны ў ген.-маёры і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Аўтар успамінаў «Сустрэча з Пушкіным за Каўказам».
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРН ((Verne) Жуль) (8.2.1828, г. Нант, Францыя — 24.3.1905),
французскі пісьменнік. Аўтар навук.-фантаст., сатыр. і прыгодніцкіх раманаў з элементамі утопіі і антыутопіі «Пяць тыдняў на паветраным шары» (1863), «Падарожжа да цэнтра Зямлі» (1864), «З Зямлі на Месяц» (1865), «Вакол Месяца» (1869), «Дзеці капітана Гранта» (1867—68, бел.пер. 1938), «20 000 лье пад вадой» (1869—70, бел.пер. «80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), «За 80 дзён вакол свету» (1872, бел.пер. 1941), «Таямнічы востраў» (1875, бел.пер. 1938), «Пятнаццацігадовы капітан» (1878, бел.пер. 1940), «Рабур-заваёўнік» (1886), «Валадар свету» (1904), «Незвычайныя прыгоды экспедыцыі Барсака» (выд. 1914) і інш.; прац па геаграфіі і гісторыі геагр. даследаванняў. Чалавек і прырода, навука, веды і праца, сучаснасць і будучыня, адказнасць вучонага, асобы, калектыву перад грамадствам — асн. праблемы творчасці Верна. Стварыў «новы тып рамана», які грунтаваўся на дасягненнях навукі. На бел. мову яго творы перакладалі П.Кутылоўскі, С.Грахоўскі з Ю.Лявонным, Я.Камянецкі, М.Паслядовіч, К.Шавель і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Тэадор) (Фёдар Яўхімавіч; 8.11.1784, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.11.1864),
гісторык і археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1803). У 1803 прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806—07) і руска-шведскай (1808—09) войнаў (капітанрас. арміі, ваен. інжынер). Мяркуюць, што ён з’яўляецца аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнікам яе буд-ва. З 1812 у адстаўцы, даследаваў гісторыю ВКЛ. Вёў раскопкі ў Падняпроўі. Першы ў Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам стараж. пахавання. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне недалёка ад Шаўраў (Лідскі пав.). Апісаў руіны крэпасці на Нёмане каля в. Лыскава Гродзенскага пав., даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік 16 ст. Аўтар фундаментальнага твора «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41). Увёў у навук. ўжытак шэраг крыніц, у т. л.Хроніку Быхаўца (1846). Сабраў багатую калекцыю археал. матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў (пераважна ў «Гродненских губернских ведомостях») пра Ліду, Навагрудак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі стараж. міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),
вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітанВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітанВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ-ПРЫБО́Й (сапр.Новікаў) Аляксей Сілыч
(24.3.1877, с. Мацвееўскае Сасаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.4.1944),
рускі пісьменнік. Служыў матросам на Балтыйскім флоце (1899—1906), у руска-яп. вайну 1904—05 удзельнічаў у Цусімскай бітве. У 1908—13 паліт. эмігрант. Друкаваўся з 1906. У зб. «Марскія апавяданні» (у 1914 канфіскаваны, выд. 1917) пра жыццё матросаў рас. флоту, драм. калізіі, матывы сац. пратэсту. Рамантычныя адносіны да мора, жанчыны ў аповесцях «Мора кліча» (1919), «Падводнікі» (1923), «Жанчына ў моры» (1926) і інш. На асабістых уражаннях, сведчаннях удзельнікаў і дакументах заснавана гіст. эпапея «Цусіма» (ч. 1—2, 1932—35; 4-я рэд. 1940; Дзярж. прэмія СССР 1941). Аўтар раманаў «Салёная купель» (1929), «Капітан 1-га рангу» (незавершаны, кн. 1—2, 1942—44; экранізацыя 1958), аповесцей «Ухабы» (1927), «Уцёкі» (1931), зб-каў апавяданняў «Дзве душы» (1919), «Смерч» (1933) і інш. Сябраваў з Я.Купалам. Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі С.Дарожны, Л.Маракоў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1963;
Повести и рассказы. М., 1988;
Цусима. Т. 1—2. М., 1993—94;
Бел.пер. — На падводнай лодцы. Мн., 1928;
Зуб за зуб. Мн., 1929;
Сапсаваны. Мн., 1930;
У бухце «Атрада». Мн., 1930;
Па-цёмнаму. Мн., 1931;
Марскі пажар. Мн., 1932;
Жанчына ў моры. Мн., 1936;
Цусіма. Кн. 1—2. 2 выд.Мн., 1937.
Літ.:
Перегудов А. Светлый день: Повесть о писателе и друге. М., 1977;
А.С.Новиков-Прибой в воспоминаниях современников. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХАН (Дарафей Дарафеевіч) (4.2.1878, Мінск — 1942),
рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ.«Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял.Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел.нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).
Літ.:
Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;
Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;
Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;
Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРПІЧО́ВЫ,
расійскія ваенныя вучоныя, браты. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус.
Леў Львовіч (1840—90), ген.-маёр артылерыі (1885), праф. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію ў С.-Пецярбургу, з 1866 выкладаў у ёй. Удзельнічаў ва ўзвядзенні абарончых збудаванняў на зах. граніцах, у выпрабаваннях скарастрэльных гармат. Аўтар навук. прац: «Агульныя асновы механікі» (1871, Міхайлаўская прэмія), «Пачаткі балістыкі» (1889) і інш.
Канстанцін Львовіч (8.7.1844—12.4.1910), інжынер-генерал, праф. (1890). Скончыў Мікалаеўскую інж. акадэмію ў С.-Пецярбургу. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 вызначыўся пры буд-ве мастоў цераз Дунай. З 1878 выкладчык фартыфікацыі ў Мікалаеўскай інж. акадэміі. З 1891 памочнік нач.Гал. інжынернага ўпраўлення ўзбр. сіл. З 1909 у адстаўцы.
Віктар Львовіч (8.10.1845, в. Бардзіна Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 20.10.1913), інжынер, тайны саветнік, праф. (1876). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1868), працаваў у ёй выкладчыкам механікі. З 1876 у адстаўцы. Першы дырэктар Харкаўскага тэхнал. (1885—98) і Кіеўскага політэхн. (1898—1902) ін-таў. З 1903 праф. Пецярбургскага політэхн. ін-та. Аўтар прац па супраціўленні матэрыялаў, механіцы і інш.
Міхаіл Львовіч (1847—75), артылерыст-хімік, капітан. Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію, працаваў у ёй выкладчыкам. Аўтар навук. артыкулаў у «Журнале русского химического общества» ў 1871—72.
Ніл Львовіч (14.11.1850, г. Полацк Віцебскай вобл. — 1927), ваенны інжынер, інжынер-ген. (1917). Скончыў Мікалаеўскую інж. акадэмію (1874), з 1879 выкладчык, з 1889 праф. у ёй. Удзельнічаў у стварэнні праектаў і буд-ве мастоў Охценскага, Троіцкага, Дварцовага цераз р. Нява ў Пецярбургу, моста цераз р. Сырдар’я і інш. З 1911 старшыня Паветраплавальнага к-та пры Гал.інж. упраўленні. Распрацаваў метад разліку і формулу для выяўлення разбуральнага эфекту новых тыпаў артыл. снарадаў, нормы разліковых нагрузак розных тыпаў мастоў. У 1918—20 кіраўнік справамі інж.к-та пры Гал.ваен. упраўленні Чырв. Арміі, потым выкладчык у Ваен.-інж. акадэміі. Аўтар прац па механіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,
349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.І.Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс.чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс.чал., праціўнік — каля 71 тыс.чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.Пісарэўскі, В.Маркевіч, А.Бушкоўскі, капітан М.Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.М.Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.