СУ́ЗА, Соўза (Sousa) Джон Філіп

[сапр. Окс (Ochs) Зігфрыд; 6.11.1854, Вашынгтон — 6.3.1932],

амерыканскі дырыжор, кампазітар, скрыпач; адзін са стваральнікаў амер. камічнай оперы і аперэты, заснавальнік нац. стылю музыкі духавых аркестраў. Вучань Дж.​Эспуты і Дж.​Ф.​Бенкерта. З 1867 у аркестры амер. флоту «Мэрыне бэнд» (у 1890—92 яго кіраўнік), з 1871 узначальваў аркестр «Т-ва вадэвіляў» у Вашынгтоне. У 1892 заснаваў уласны аркестр. Пераўтварыў духавы аркестр (бэнд) з акампаніруючага калектыву ў самаст. канцэртны ансамбль. Стварыў якасна новы тып гучання духавога ансамбля, які па насычанасці наблізіўся да сімф. аркестра. Вынаходнік меднага духавога басовага інструмента — сузафона. Аўтар маршаў (больш за 130; яго называлі «каралём маршаў»), якія ўключаюць элементы сімф. развіцця, спалучаюць традыц. маршавыя рытмы рэгтайма і уанстэпа. Сярод твораў: 12 опер і аперэт, у т. л. камічная опера «Капітан» (паст. 1895), праграмныя п’есы і танцы для бэнда, каля 70 песень. Аўтар 3 раманаў, аўтабіяграфіі, артыкулаў.

т. 15, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)