ЧА́ЙКА Павел Пятровіч (21.6.1889, в. Лютовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 9.1.1921),

бел. ваен. дзеяч. Скончыў Іркуцкае вайск. вучылішча (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, штабс-капітан. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. партыі эсэраў. У пач. 1919 мабілізаваны ў Чырв. Армію, служыў у ваен. камісарыяце Слуцкага пав. З прыходам польскіх войск вярнуўся ў родную вёску, падтрымліваў сувязі з антыпольскім падполлем. Летам 1920 зноў мабілізаваны ў Чырв. Армію, хутка дэзерціраваў. У ліст. 1920 далучыўся да Слуцкага паўстання 1920, па прапанове Бел. рады Случчыны ўзначаліў 1-ы Слуцкі полк і адначасова ўсю Слуцкую брыгаду паўстанцаў. Быў стаўленікам бел. эсэраў, лічыў, што ў змаганні супраць сав. улады паўстанцы асуджаны на паражэнне. За вызваленне з палону камісара Слуцкага пав. Лебедзя па загадзе Бел. рады Случчыны арыштаваны, уцёк з-пад варты. 3.12.1920 здаўся сав. войскам. 7.1.1921 пастановай «тройкі» Асобага аддзела 16-й арміі «за антысавецкую дзейнасць» прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1992.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 17, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)