род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).
Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,
пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.
Літ.:
Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;
Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.Купалы, М.Багдановіча, Т.Шаўчэнкі, А.Блока, В.Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял.Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.В.Гётэ, У.Сыракомлі, Ю.Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.Пушкіна, Брусава, С.Ясеніна, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, У.Сасюры, М.Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;
[Вершы]. Мн., 1970;
Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.
Літ.:
Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;
Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;
Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;
Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;