БУКА́РКА,

бухарка (Coenorrhinus), род насякомых сям. трубакрутаў атр. жукоў. 11 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Іране, Турцыі, у Прыморскім краі; на Беларусі — усюды. Найб. вядома букарка пладовая (С. pauxillus).

Даўж. цела 1,8—3 мм. Надкрылы цёмна-сінія з метал. бляскам, укрыты валаскамі і падоўжнымі кропкавымі баразёнкамі. Галава-трубка моцна выгнутая. Лічынка даўж. да 3 мм, светла-жоўтая з цёмнай галавой, бязногая, выгнутая. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 2,5—3 мм. Зімуюць жукі ў глебе. Вясной яны праколваюць хабатком пупышкі, бутоны і лісце яблыні, грушы, слівы, радзей айвы, вішні, чаромхі і інш., выядаюць завязь, тычынкі, маладое кволае лісце, якое засыхае і ападае; таксама шкодзяць раслінам і лічынкі.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)