драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі гняздуецца, трапляецца на пралётах і зрэдку зімой. Жыве на яловых, ялова-альховых, хваёвых узлесках; гнёзды на дрэвах. Нар. назвы: карагольчык, каршачок, малы шуляк, шулёнак, шулячок.
Даўж. да 43 см, маса да 300 г. Самцы значна драбнейшыя за самак. Апярэнне спіны цёмна-шэрае або цёмна-бурае, цемя чарнаватае; брыво белае; на брушку белаватае або вохрыстае з бурым або рыжым папярочным малюнкам. Дзюба сінявата-бурая, радужына аранжава-жоўтая, васкавіца і ногі жоўтыя. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Нясе да 6 яец.