МАСЛЯКІ́ (Suillus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. Каля 50 відаў, усе ядомыя. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў М.: балотны (S. flavidus), летні, або зярністы (S. granulatus), лістоўнічны (S. grevillei), позні (S. luteus), шэры (S. aeruginascens). Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца з мая па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, гладкая, ліпка-слізкая, белаватая, шараватая, бурая, жоўтая, жоўта-бурая. Ножка суцэльная, цыліндрычная, часта з кольцам. Спараносны слой трубчасты, прырослы. Мякаць тоўстая, мяккая. з прыемным пахам і смакам. Споры эліпса-верацёнападобныя, гладкія, светлыя, жаўтавата-бураватыя.

С.​С.​Колас.

Маслякі: 1 — шэры; 2 — лістоўнічны; 3 — позні; 4 — летні.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)