БУЛЬВА́Р

(франц. boulevard),

паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.

Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)