ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.

Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.​Пленкам і пазней англ. урачом Р.​Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.​Г.​Палацебнаў, Ц.​П.​Паўлаў, А.​І.​Паспелаў, П.​В.​Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.

На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.​С.​Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш. бел. вучоных.

Літ.:

Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;

Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗЫ́М ХІКМЕ́Т РАН (Nâzim Hikmet Rań; 20.1.1902, г. Салонікі, Грэцыя — 3.6.1963),

турэцкі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—24). Як камуніст 17 гадоў правёў у турмах Турцыі. З 1951 жыў у СССР. Друкаваўся з 1917. Першы зб. «Песня тых, што п’юць сонца» (1928, надрук. ў Баку). У зб-ках вершаў «835 радкоў» (1929), «Горад, які згубіў голас» (1931) сац. матывы. Антыкалан. ідэямі прасякнуты паэма «Джыяконда і Сі-Я-у» (1929), раман у вершах «Чаму Бенерджы скончыў жыццё самагубствам?», п’есы «Чэрап» (абодва 1932), «Усімі забыты» (1935). За рэв. накіраванасць зб. вершаў «Тэлеграма, якая прыйшла ноччу» (1932) зняволены ў турму, дзе стварыў паэт. эпапею «Чалавечая панарама» (1941—61, паэт. гісторыя 1-й пал. 20 ст.), нізку вершаў «Лісты з турмы», п’есу «Легенда пра каханне» (выд. 1965) і інш. Антыфаш. тэма ў зб. вершаў «Партрэты» (1935), кн. публіцыстыкі «Нямецкі фашызм і расавая тэорыя» (1936). Аўтар п’ес «Дзівак» (1955), «А ці быў Іван Іванавіч?» (1956), раманаў «Кроў не можа гаварыць» (выд. 1965), «Жыццё — добрая рэч, мой брат» (выд. 1967). Увёў у тур. паэзію новыя рытмы, т.зв. свабодны верш. Бел. т-р імя Я.​Купалы паставіў п’есы «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964), «Сляпы падзішах» (1966). На бел. мову яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, А.​Вялюгін, А.​Зарыцкі, У.​Паўлаў, А.​Русецкі, М.​Танк. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» за 1950.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Избранное: Стихотворения. Поэмы. М., 1974;

Избранное. Т. 1—2. М., 1987;

Собака лает — караван идет: Миниатюры. М., 1979.

Літ.:

Бабаев А.А. Назым Хикмет: Жизнь и творчество. М., 1975;

Меликов Т. Назым Хикмет и новая поэзия Турции. М., 1987.

Г.​М.​Малей.

Назым Хікмет Ран.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),

навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш. біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.

Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.​Палісі, дацкі — Н.​Стэна, англ. — Дж.​Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.​Р.​Агасіса, італьян. — Дж.​Брокі, ням. — Р.​І.​Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.​Лейдзі, О.​Ч.​Марш, Э.​Коп, Г.​Ф.​Осбарн, ням. — К.​А.​Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.​П.​Амаліцкі, А.​А.​Барысяк, А.​В.​Мартынаў, С.​М.​Нікіцін, Дз.​У.​Обручаў, М.​В.​Паўлава, А.​П.​Паўлаў і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 19 ст. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал. ін-т АН БССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, С.​Ф.​Зубовіч, П.​Ф.​Каліноўскі, С.​А.​Кручак, А.​М.​Матузка, В.​М.​Мотуз, У.​І.​Назараў, В.​І.​Пушкін, В.​В.​Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.

Літ.:

Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;

Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;

Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЖЭЛА́ЙЦІС ((Mieželaitis) Эдуардас) (3.10.1919, в. Карэйвішкяй Шаўляйскага пав., Літва — 6.6.1997),

літоўскі паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Літвы (1974). Герой Сац. Працы (1974). Засл. дз. культуры Арменіі (1976). Чл.-кар. Ням. АМ у Берліне (1970). Вучыўся ў Каўнаскім і Віленскім ун-тах (1939—40). Друкаваўся з 1935. Першыя зб-кі паэзіі «Лірыка» (1943), «Вецер з радзімы» (1946) напісаны ў стылі даваен. неарамантычнай паэзіі. У зб-ках «Уваскрэслая зямля» (1951), «Паэма братэрства» (1954, Дзярж. прэмія Літвы 1957), «Чужыя камяні» (1957), «Ля падножжа зорак» (1959), «Сонца ў бурштыне» (1961), лірычным цыкле «Чалавек» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Мая ліра» (1979, Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш. — лірыка-філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, сувязі чалавека-творцы з Сусветам, прыродай і цывілізацыяй 20 ст., веліч яго здзяйсненняў, значэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных чалавекам, пейзажныя матывы, асабістыя перажыванні. У кнігах, што спалучаюць лірычную прозу і вершы, у публіцыстычных і аўтабіягр. эсэ «Аўтапартрэт. Авіяэскізы» (1962), «Лірычныя эцюды» (1964), «Хлеб і слова» (1965), «Тут Літва» (1968), «Барока Антакальніса» (1971), «Манадрама» (1976), «Маналогі» (1981), «Муза і фарэль» (1984), «Захад» (1992), «Міфы» (1996) і інш. выявілася пантэістычнае светаўспрыманне, гуманіст. пачатак, лірызм і філасафічнасць. Пісаў для дзяцей. Асобныя творы М. пакладзены на музыку, па матывах лірычнага цыкла «Чалавек» створаны аднайм. балет (В.​Салманаў, паст. 1966). Неаднаразова наведваў Беларусь. Пераклаў на літ. мову шэраг твораў Я.​Купалы. На бел. мову творы М. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Бітэль, П.​Броўка, А.​Вялюгін, С.​Гаўрусёў, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, С.​Законнікаў, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, М.​Калачынскі, К.​Камейша, В.​Коўтун, П.​Макаль, П.​Марцінкевіч, У.​Паўлаў, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, Н.​Тулупава, М.​Хведаровіч, К.​Цвірка. Міжнар. прэмія Дж.​Нэру (Індыя, 1969). Міжнар. прэмія Н.​Вапцарава (Балгарыя, 1979).

Тв.:

Raštai. Т. 1—8. Vilnius, 1982—85;

Бел. пер. — Паэма братэрства. Мн., 1958;

Чалавек: Вершы. Мн., 1984;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—79.

Літ.:

Макаров А. Эдуардас Межелайтис. М., 1966.

А.​Лапінскене.

Э.Межэлайціс.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ФІЗІ́ЧНАЙ КУЛЬТУ́РЫ І СПО́РТУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца арганізатарам фізкультурнага руху, вучоным, работнікам калектываў фіз. культуры, фізкультурных арг-цый, навуч. устаноў, н.-д. ін-таў, якія працуюць у галіне фіз. выхавання і спорту 15 і больш гадоў, за заслугі ў развіцці фіз. культуры і спорту, у арганізацыйна-метадычнай, вучэбна-трэніровачнай, выхаваўчай, інж.-тэхн., навук.-пед. і гасп. дзейнасці, удасканаленні сістэмы фіз. выхавання насельніцтва, масавага спорту, спорту вышэйшых дасягненняў. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1967 існавала званне засл. дзеяч фіз. культуры БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь

1968. І.​Я.​Будзько, М.​І.​Васільеў, В.​Дз.​Дзмітрыеў, І.​В.​Жыткоў, П.​А.​Злотнікаў, А.​І.​Кавалеўскі, Р.​Р.​Карпаў, К.​А.​Кулінковіч, К.​П.​Нікіткоў, С.​М.​Салавей.

1969. А.​В.​Мядзведзь.

1971. Г.​М.​Бокун, Л.​П.​Бокун, К.​Дз.​Вараўка, Р.​С.​Ваткін, А.​А.​Губанаў, Р.​І.​Клім, Р.​І.​Кныш, М.​П.​Крываносаў, В.​І.​Лівенцаў, А.​У.​Ніканчыкаў, М.​Б.​Паўлючэнкаў, Т.​Р.​Рэнель, В.​М.​Фефелаў.

1972. П.​В.​Грыгор’еў.

1973. З.​Ф.​Бальшакова, К.​В.​Ганестаў, Б.​З.​Зыкаў, М.​Л.​Іткіна.

1976. У.​Б.​Гурны, П.​Я.​Зубрылін, У.​Р.​Кузаўлёў, С.​І.​Цімчанка.

1979. Э.​У.​Асіеўскі, У.​І.​Барсук, А.​Дз.​Бялова, Л.​С.​Варановіч, Я.​І.​Жавялёў, Б.​А.​Кузьмінскі, П.​У.​Піляк, М.​І.​Русіноўскі, В.​П.​Сазановіч, Дз.​І.​Сізоў, В.​П.​Угрумаў, У.​Е.​Уласаў.

1980. Я.​К.​Анкуда, М.​С.​Бялянка, Л.​З.​Галяціна, А.​І.​Паўлаў, Т.​Дз.​Самусенка.

1981. С.​П.​Мірановіч.

1983. С.​Л.​Партноў, А.​А.​Раманькоў, В.​А.​Сакалоў.

1984. В.​У.​Арлоўскі. В.​В.​Маклакоў.

1987. В.​М.​Кісялёў, Г.​Б.​Рабіль, В.​Ф.​Рыжанкоў.

1988. І.​А.​Коршунаў, Г.​Л.​Крыленка, С.​Л.​Макаранка.

1991. Л.​Р.​Гейштар.

1992. І.​П.​Гуцько, А.​М.​Курловіч, У.​М.​Рыжанкоў, М.​В.​Шапялевіч, С.​С.​Шынкар.

1993. Б.​А.​Грынь.

1994. І.​М.​Жалязоўскі.

1995. М.​М.​Аўсянік, М.​М.​Калацей.

1996. Дз.​М.​Развянкоў. 1997. Т.​Л.​Бурло.

т. 6, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),

творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.

Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.​Бірзеніек, скульпт. К.​Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.​Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.​Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.​Пенгюсон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.​Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.​Вучэціч і інш., арх. Я.​Белапольскі і інш.) і інш.

На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл. Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.​Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял. Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в. Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.​Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.​Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.​Заржэцкі, інж. М.​Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл. «Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.​Андрэеў, А.​Крохалеў, А.​Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.​Левін, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл. «Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.​Коласу (1972, скульпт. З.​Азгур, арх. А.​Градаў, Г.​Заборскі, Левін), Я.​Купалу (1972, скульпт. А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.​Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.​Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш. Іл. гл. да арт. Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ НЕРВО́ВАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць складаных фізіял. працэсаў у вышэйшых аддзелах кары вял. паўшар’яў і падкоркавых утварэннях галаўнога мозга, што забяспечваюць аптымальнае індывід. прыстасаванне чалавека і жывёл да зменлівых умоў знешняга і ўнутр. асяроддзя. Падпарадкоўваецца прынцыпам дэтэрмінізму, узаемаабумоўленасці, узаемасувязі, структураванасці і адбываецца праз аналіз усёй інфармацыі, вычляненне асобных кампанентаў і аб’яднанне іх у камбінацыі, якія ўзгадняюцца з акцэнтнай матывацыяй паводзін. Тэрмін уведзены І.П.Паўлавым як эквівалент паняцця «псіхічная дзейнасць», каб падкрэсліць адрозненні вышэйшай нервовай дзейнасці ад «ніжэйшай нерв. дзейнасці», што аперыруе наборам спадчынных, пастаянных, уласцівых усім прадстаўнікам дадзенага віду безумоўных рэфлексаў на прамую актывацыю спецыялізаваных рэцэптараў, яны каардынуюць узаемаадносіны паміж рознымі функцыян. сістэмамі, падтрымліваюць стабільны ўнутраны стан арганізма (гамеастаз): узровень крывянога і асматычнага ціску, анкатычнага ціску, т-ры цела, колькасць глюкозы ў крыві і інш. Больш складаныя формы рэфлексаў — інстынкты — таксама з’яўляюцца выражэннем генетычна зафіксаванага вопыту папярэдніх пакаленняў.

Вышэйшая нервовая дзейнасць узнікае ў ходзе эвалюцыі на аснове «ніжэйшай нерв. дзейнасці», кантралюе яе і будуецца на аснове ўмоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца на працягу жыцця асобіны. З яе развіццём набываецца здольнасць адказваць на непасрэдныя дзеянні стымулаў (болевых, харчовых, палавых і інш.), на аддаленыя іх прадвеснікі, выдзяляць фармальную суадноснасць паміж патрэбнасцю і абставінамі, якія заканамерна папярэднічаюць яе рэалізацыі. Раздражняльнікі становяцца ўмоўнымі або сігналамі, якія ўключаюць адаптыўныя паводзіны праз сувязь паміж нейронамі, што ўспрымаюць умоўны раздражняльнік і ўваходзяць у дугу безумоўнага рэфлексу. У процілегласць безумоўным умоўныя рэфлексы зменлівыя, часовыя, утвараюцца і знікаюць з дапамогай розных відаў прыроджанага і набытага тармажэння. Яны пастаянна ўскладняюцца і ўдасканальваюцца, што пашырае адаптыўныя магчымасці індывіда да падзей знешняга асяроддзя.

Матэрыяліст. ідэя аб рэфлекторнай прыродзе псіхічных працэсаў выказана І.М.Сечанавым у кн. «Рэфлексы галаўнога мозга» (1863). Далейшая яе распрацоўка належыць Паўлаву, які стварыў метад вывучэння вышэйшай нервовай дзейнасці ў хранічным эксперыменце і выявіў прынцыповыя яе заканамернасці. Значнасць прыроджаных і набытых формаў паводзін у працэсе анта- і філагенезу зменьваецца на карысць перавагі ўмоўных рэфлексаў. У чалавека ў дадатак да першай сігнальнай сістэмы ўзнікае другая сігнальная сістэма ў выглядзе мовы. Па суадносінах гэтых сістэм адрозніваюць 3 тыпы людзей: мысліцельны, мастацкі і сярэдні. Слова надзяляе вышэйшую нервовую дзейнасць здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мыслення, творчасці. Сіла, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння ляжаць у аснове асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці. Паўлаў вылучыў 4 варыянты яе: моцны, ураўнаважаны, рухомы (сангвінік); моцны, неўраўнаважаны, узбудлівы (халерык); моцны, ураўнаважаны, інертны (флегматык); слабы (меланхолік). Адно са складаных праяўленняў — дынамічны стэрэатып.

Вучэнне аб вышэйшай нервовай дзейнасці мае тэарэт. і шырокае прыкладное значэнне ў медыцыне, псіхалогіі, педагогіцы, кібернетыцы, арганізацыі працы і інш. сферах чалавечай дзейнасці. Сав. вучонымі распрацаваны тэорыі функцыян. сістэм (П.К.Анохін), паглыблены ўяўленні пра механізмы памяці і цэнтр. тармажэння (І.С.Берыташвілі), самарэгуляцыі мозга праз сімпатычную сістэму (Л.А.Арбелі), пра ўзаемаадносіны кары і ўнутр. органаў (К.М.Быкаў), кампенсацыі парушаных яе функцый (Э.А.Асрацян), выяўлены асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей у норме і паталогіі (А.​Г.​Іваноў-Смаленскі, М.І.Краснагорскі) і інш.

Літ.:

Орбели Л.А. Вопросы высшей нервной деятельности. М.; Л., 1949;

Павлов И.П. Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Сеченов И.М. Рефлексы головного мозга. М., 1961;

Беленков Н.Ю. Условный рефлекс и подкорковые образования. М., 1965;

Физиология высшей нервной деятельности. Ч. 1—2. М., 1970—71;

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975.

У.​М.​Калюноў.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),

ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш. ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах. ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.​Я.​Алібегаў і У.​С.​Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах. ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел. стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах. ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач. Вял. Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.​Ф.​Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр. Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ. ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У розны час войскамі акругі (франтоў) камандавалі: Я.​З.​Барсукоў (1918), М.​М.​Дамажыраў (1919), Дз.​М.​Надзёжны (1919), У.​М.​Гіціс (1919—20), М.​М.​Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.​М.​Захараў (1921), А.​І.​Ягораў (1921—22, 1927—31), А.​І.​Кук (1924), А.​І.​Корк (1924—27), Е.​П.​Убарэвіч (1931—37), І.​П.​Бялоў (1937), М.​П.​Кавалёў (1938—40), Дз.​Р.​Паўлаў (1940—41), А.​І.​Яроменка (1941), С.​К.​Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.​С.​Конеў (1941, 1942—43), Г.​К.​Жукаў (1941—42), В.​Д.​Сакалоўскі (1943—44), І.​Д.​Чарняхоўскі (1944—45), А.​М.​Васілеўскі (1945), І.​Х.​Баграмян (1945), С.​Г.​Трафіменка (1946—49), У.​М.​Камароў (1960—61), В.​А.​Пянькоўскі (1961—64), С.​С.​Марахін (1964—67), І.​М.​Траццяк (1967—76), М.​М.​Зайцаў (1976—80), Я.​П.​Іваноўскі (1980—85), У.​М.​Шуралёў (1985—89), А.​І.​Кастэнка (1989—92).

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК,

1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл. Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).

2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.

Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б. пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.​А.​Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.​А.​Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.​К.​Клот; І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.​Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.​Саконі), празмерна грубымі формамі (О.​Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.​Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.​Цадкін; помнік Я.​Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.​Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.​Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.

На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст. найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.​Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.​Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.​Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.​Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.​Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.​Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.​Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.​Арцімовіч, арх. І.​Марозаў), Я.​Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ф.​Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.​Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), С.​Буднаму і В.​Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.​Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.​Інькоў, арх. М.​Лук’янчык), надмагільны помнік В.​Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.​Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.​Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.​Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.
Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.​Дранец, арх. Л.​Левін.
Надмагільны помнік В.​Тураву, 1999. Скульпт.

М.​Якавенка.

Помнік Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.​Бандарэнка і інш.
Помнік Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, А.​Заспіцкі.

т. 12, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),

чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.​П.​Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.

Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн. км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30 паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30 паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.

Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).

Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.

Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.​Пенк і Э.​Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.​Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.​І.​Красновым і А.​П.​Зарынай (1987), С.​М.​Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.​М.​Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.​М.​Вазнечука (1981).

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;

Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.

Э.​А.​Ляўкоў, М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)