НЕАТЭКТО́НІКА (ад неа... + тэктоніка),навейшая тэктоніка, раздзел тэктонікі, які вывучае тэктанічныя працэсы і створаныя імі структуры, што праявіліся ў 2-й пал. кайназойскай эратэмы (групы). Тэрмін «Н.» прапанаваў У.​А.​Обручаў (1948), «навейшая тэктоніка» — С.​С.​Шульц (1937). Некаторыя ідэі па Н. ёсць у працах М.​В.​Ламаносава, іх развівалі рас. геолагі М.​А.​Галоўкінскі, А.​П.​Карпінскі, Ф.​Ю.​Левінсон-Лесінг, А.​П.​Паўлаў, Г.​Ф.​Мірчынк, Обручаў, А.​Дз.​Архангельскі, М.​І.​Нікалаеў, Шульц і інш. Лічыцца, што навейшая актывізацыя тэктанічных рухаў, з якімі звязана ўтварэнне сучаснага рэльефу зямной паверхні, адбываецца з позняга алігацэну. Сучасныя тэктанічныя рухі вывучаюць пераважна метадамі паўторнага нівеліравання і трыянгуляцыі, больш стараж. неатэктанічныя — паводле залягання і структуры кайназойскіх адкладаў, звестак аб перамяшчэнні берагавой лініі марскіх і інш. вадаёмаў, асаблівасцях даліннай і рачной сеткі, дэфармацыях паверхняў выраўноўвання, сейсмічных, гідрагеал., аэракосмагеал. і інш. матэрыялаў. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры прагнозе землетрасенняў, выяўленні радовішчаў нафты, газу, каменнай солі і інш., буд-ве плацін, чыгунак, нафта- і газаправодаў, атамных эл. станцый і інш.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)