Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ірвану́цца і рвану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак. і аднакр.

Зрабіць рэзкі рух, кінуцца, памкнуцца куды‑н. Конь адразу скочыў, ірвануўся і, дзіка храпучы, паляцеў па вуліцы. Мележ. Сабраўшы ўсю сваю сілу, Генадзь ірвануўся і ўгледзеў, што адна нага яго правалілася пад мост. Сабаленка. Партызанскія ўзводы рвануліся наперад. М. Ткачоў.

ірвану́ць і рвану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

1. каго-што і без дап. Рэзка, моцна тузануць, пацягнуць. Познышаў ірвануў шнур. І ў той жа момант, ураз уздыбіўшы першыя вагоны, грукнуў выбух... Краўчанка. [Гарманіст] ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч. Сцюжа рванула дзверы сталовай, міргнула велізарная настольная лямпа. Мікуліч. // Схапіўшы зубамі, параніць, укусіць. Сабака рвануў за нагу.

2. Разм. Парывіста, рэзка скрануцца з месца, рэзкім рухам кінуцца куды‑н. Ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай. Лынькоў. // Рэзка, моцна падзьмуць (пра вецер). Моцны вецер ірвануў з поля і абсыпаў .. [Міхаську] мяккім сняжком. Якімовіч.

3. каго-што. Падарваць, узарваць што‑н. з выбухам. — Зараз вось ірванём мост і пойдзем. Чыгрынаў. Выбухі рванулі зямлю. Шчарбатаў. // без дап. Раздацца, прагрымець. Праз тры — пяць мінут у агні затрапяталіся ружовыя языкі, а затым ірванулі выбухі. Мехаў.

4. Разм. Хутка і многа зрабіць. [Анішчук:] Не вельмі ты вясною рвануў. Гурскі.

ірва́ны і рва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ірваць ​1 (у 1 знач.).

2. Падраны на кавалкі. Ірваная папера ляжала шматкамі.

3. Парваны ў розных месцах; падраны, дзіравы. Ірваныя бацінкі на босую нагу больш за ўсё іншае гаварылі, што ён з далёкай дарогі... Брыль. У хатах забіралі нават паношаную, ірваную вопратку. Кавалёў.

4. З няроўнымі краямі. Ірваная рана. Ірваныя хмары. □ За акном праляталі неспакойныя рваныя кудлы дыму з паравоза. Мележ.

ірва́цца і рва́цца, (і)рвуся, (і)рвешся, (і) рвецца; (і)рвёмся, (і)рвяцеся; незак.

1. Раздзяляцца на часткі, разрывацца ад рыўка, нацягвання. Крохкая салома, калі моцна закручваць перавясла, ірвалася. Мележ. Прама не слухала мяне: тонкія валокны клаліся няроўна, ірваліся, зляталі з бабіны. Савіцкі. Дзе коратка, там ірвецца. Прымаўка.

2. перан. Спыняцца, варушацца (пра сувязі, адносіны і пад.).

3. Узрывацца; разрывацца з выбухам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Брыль. // перан. Перапаўняцца моцнымі пачуццямі. [Лясніцкі] тады адчуваў паплыў балючай і горкай пяшчоты, ад якой, здаецца, ірвалася сэрца, і быў шчаслівы. Зарэцкі. Сціснуў хтось мне сэрца туга, Па кавалкі грудзі рвуцца. Зарыцкі.

4. Старацца вызваліцца, вырвацца. — Хітрушчая карова! Бывала, як толькі немцы ў вёску, яна рвецца з двара і — прама ў лес. Сіўцоў.

5. перан. Прагна імкнуцца зрабіць што‑н., дасягнуць чаго‑н., папасці куды‑н. Ірвацца дамоў. Ірвацца да ведаў. Ірвацца на фронт. □ [Маці] ўсіх ірвалася супакоіць, улагодзіць, прымірыць. Мележ. Нас было восем. І кожны з нас ірваўся ў нязведаную далячынь. Асіпенка.

6. Зал. да ірваць ​1, рваць ​1 (у 1–4 знач.).

ірва́ць 1 і рваць 1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць 2 і рваць 2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

ірдзе́нне і рдзе́нне, ‑я, н.

Чырвань, чырвонае ззянне, гарэнне. Паўстала з ірдзеннем суніц Радзімы зямля. Калачынскі. Я любаваўся прыгажосцю надсвіцязянскай восені — дарогай у залатым тунелі ліп і клёнаў, ірдзеннем рабінавых гронак на фоне свежай, зноў засеянай зямлі. Брыль.

ірдзе́ст і рдзест, ‑у, М ‑сце, м.

Вадзяная кветкавая расліна сямейства (і)рдзеставых з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік.

ірдзе́цца і рдзе́цца, (і)рдзіцца; незак.

Тое, што і ірдзець. Ірдзяцца на дужых суках Крамяныя яблыкі жніўня. Гаўрусёў. Світала, на ўсходзе ярка рдзелася неба, было росна. Кірэйчык.

ірдзе́ць і рдзець, ‑дзее; незак.

Вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець. Ірдзее сцяг чырвоны, Як водбліскі зарніц. Колас. За дрэвамі маленькага парку слаба рдзела вечаровае неба. Савіцкі. // чым. Быць ярка-чырвоным ад чаго‑н. Спелай марошкай ірдзее Скрозь і лагчына і яр. А. Александровіч. / у безас. ужыв. Толькі стала рдзець на ўсходзе.

ірдзі́сты і рдзі́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ірдзяны. Краіна мар і летуценняў, ірдзістых раніц, срэбных рос, дзе гладзь люстраная сінее, азёр і рэк шырокі плёс. Машара.