Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Сум ’пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы’, ’пакутлівая маркота, туга’ (ТСБМ, Ласт.), ’сумненне’ (Нас.), ’сумненне; смутак’ (Байк. і Некр.), сум‑туга́ ’маркота, роспач’ (Барад.), су́мна ’сумна’, ’прыкра, смутна, маркотна’ (ТСБМ, Шат., ТС, Бяльк., Арх. Федар., Касп., Сержп., Мат. Гом.), ’няпэўна’ (Нас., Мат. Гом., Гарэц.), ’страшна, страшнавата’ (Нас., Некр., Растарг.), су́мно ’тс’ (ТС), су́мны ’маркотны’ (ТСБМ), ’адзінокі’ (Ян.), сумо́сны ’смутны, маркотны’ (Мат. Гом.), сумо́тна ’маркотна’ (Сцяшк. Сл.), сумо́та ’маркота, тута, журба’ (ТСБМ), сумата́, сумаце́нне ’здзіўляльнасць’ (Шат.). Укр. сум ’смутак, журба’, сума́ ’тс’ (Шымк. Сл.), су́мно ’смутна, маркотна’, рус. зах., паўдн. су́мно ’сумніцельна, страшна’ (Пятк. 2, 295), польск. sum, sumny ’тс’ (< усх.-слав., гл. Брукнер, 526; параўн. заўвагу Пяткевіча: “jest to słowo rosyjskie”), славен. sȗm, sȗmnja ’падазрэнне’, серб.-харв. су́мња ’сумненне; падазрэнне’. Праславянскі дыялектызм *sumъ (Гутшміт, Бел.- укр. ізал., 29). Зыходзяць з прасл. *sǫmьnъ (*sǫmьňa) > *sumьnъ, дэвербатыва ад прасл. *sъ‑mьněti (гл. сумненне), які ў Р. скл. даў *sumьna; пасля падзення рэдукаваных і асіміляцыі насавых форма (у выніку перараскладання) *sum‑ генералізавалася (Міклашыч, 188; Бязлай, Eseji, 136; Бязлай, 3, 341; Варбат, Этимология–1988–1990, 196). Дурыданаў (Зб. памяці Стойкава, 580–581) звязвае з балг. дыял. су́муя ’згадваць, прыпамінаць’ і выводзіць з *sъ‑umiti, параўн. сумець (гл.) і дыял. сумую ’раздумваю’, су́мны ’разумны (з папрокам)’ (Арх. Федар.). Трубачоў (Труды, 1, 284) параўноўвае з серб.-харв. су̏моран ’пануры, хмуры, змрочны’ і лічыць, што слова не мае этымалогіі. Гл. яшчэ Супрун, Бел.-укр. ізал., 67; Сной₁, 619; Борысь, 586–587; ЕСУМ, 5; Жураўлёў, Язык и миф, 69 (агляд версій).

Су́ма1 ’вынік складання; агульная колькасць, сукупнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), су́ма, сумацыя ’вынік’ (Ласт.), су́ма́ ’пэўная колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. су́мма, су́ма ’агульная колькасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 153). Запазычанне непасрэдна з лацінскай (Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 142). Выказваюцца таксама меркаванні пра запазычанне праз польск. suma ’тс’ з лац. summa ’вышэйшая, агульная лічба’ < summus ’вышэйшы’ (гл. Кюнэ, Poln., 100 з літ-рай); ці запазычанне ў канцы XV ст. са ст.-польск. suma, summa (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 80.

Су́ма2 ’пажыткі, маёмасць’ (Клім.). Магчыма, да сума1, параўн. су́ма ’грошы’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Крытычна пра спробы звязаць з сум (гл.) і рэканструкцыю *sǫdma (Ліўканен, Отглаг. сущ., 194) Варбат (Этимология–1988–1990, 196), якая дапускае запазычанне праз польскую з ням. Saum ’ношка, паклажа’. Параўн., аднак, балг. су́ма ’многа, маса’, якое лічыцца яшчэ прабалгарскім (Младэнаў, Диалектология, балканистика, этнолингвистика. София, 2008, 199). Гл. су́мна ’мноства’.

Су́ма3. Гл. сумка.

Сумабро́д ’вар’ят, дзівак’ (Бяльк.). Відаць, у выніку пераасэнсавання з рус. сумасбро́д ’вар’ят’ (’які ходзіць з сумой’?).

Сумаваць ’раздумваць’ (Арх. Федар.), ’маркоціцца, перажываць’, ’разважаць, меркаваць’ (Тур.), сумува́тысь ’абмяркоўваць, дамаўляцца, раіцца’ (Клім.), сумувати (суму сумувати) ’размаўляць’ (Зянк.). Рус. зах., паўдн. сумова́ть ’думаць, меркаваць’, су́му сумовать ’думаць, мазгаваць’. З польск. sumovać ’падлічваць’, якое ўжо ў ст.-бел. сумовати ’тс’ (XVI ст.) < ст.-польск. sumovać, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 78. Польскае слова ад suma, гл. сума1, цяжка адмежаваць ад сум і роднасных, параўн. Брукнер, 526; Бязлай, 3, 341; ЕСУМ, 5, 475.

Сума́к ’бервяно ў прасценку зруба’ (Мат. Гом.; брагін., Шатал.), ’прасценак, міжаконне’ (Ян.). Укр. палес. сума́к ’бярвенні ў сцяне хаты ад вугла да акна’, польск. sumce ’бэлькі ў сценах будынку; драўляная калода для будаўніцтва’, sumik ’бэлька, якая ўкладаецца паміж двума слупамі’, славац. sumyk ’тс’. Прасл. *sъmъk, суадноснае са *smъknǫti/*smykati ’змыкаць’, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 207. Гл. яшчэ самінец, сомінец.

Сумарда́к ’удар па твары’, ’упартасць’ (Нас.), ’вялікае нязручнае палена’ (Юрч. Вытв.), сумурда́к ’хвароба ў роце, пры якой баляць сківіцы’ (Бяльк.), сумурда́кі ’твар і вусны’ (КЭС). Відаць, нельга аддзяліць ад самардак (гл.), але з іншай прыстаўкай (су-), параўн. яшчэ самарды́к ’пануры, маўклівы чалавек, які глядзіць спадылба’ (Растарг.) Няясна. Версія Насовіча (ад мо́рда, гл.) блізкая да народнаэтымалагічнай і не тлумачыць варыянтнасць фанетыкі і семантыкі.

Сумаро́к ’памяшанне, вар’яцтва’ (Янк. 1, Янк. 3.), су́марак ’змрок’ (Станк.), ’замарачэнне’ (Юрч. Вытв.), сума́рак ’шэрая гадзіна, змярканне’ (асіп., Буз.), суморо́ка, су́мрак, су́мракі, сумро́к ’тс’ (ЛА, 2), сюды ж сумаро́кі, сумаро́каваты ’суровы з выгляду, строгі, маламоўны’ (чырв., З нар. сл.). Укр. дыял. су́морок, рус. дыял. су́марак ’змярканне’, стараж.-рус. суморокъ ’тс’, ц.-слав. сѫмракъ, чэш. soumrak, славац. súmrak, серб.-харв. су̏мра̑к, славен. sọ́mrák ’тс’, балг. су́мрак ’змярканне’, макед. самрак ’тс’. Прасл. *sǫmorkъ, ад *sǫ‑ і *morkъ (гл. морак) (Фасмер, 3, 802). Борысь (Prefiks., 97) лічыць дэвербатывам ад *sъ‑mŕ̥k‑nǫti з тым самым коранем. Сюды ж сумро́к ’змрок’ (пух., ЖНС), відаць, з рэдукцыяй галоснага ў другім складзе або ўтварэнне з прыст. су- і *мрок < польск. mrok ’морак’, параўн. змрок (гл.). Формы су́мрак, су́мракі — запазычанне з рус. сумрак або з царк.-славянскай. Да семантыкі параўн. марочыць, марока (гл.).

Сумато́ха ’забурэнне, непакой; мітусня, беганіна’ (Пятк. 2, Цых.), ’мітрэнга’ (талач., ЛА, 5); сюды ж сумато́хніцкі ’мітуслівы, хуткі’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана, хутчэй за ўсё, з рус. сумато́ха ’тс’, параўн. сумятня, гл. Параўн., аднак, укр. дыял. сумату́ха ’задуменнасць, маркотлівасць’, польск. дыял. sumatocha‑swat ’на ўсходнеславянскіх землях: асоба, абавязаная весяліць маркотную маладую на вяселлі’, якія ўтвораны ад сум, сумота, гл. ЕСУМ, 5, 474. Польскае слова запазычана з беларускай ці ўкраінскай (Варш. слоўнік, 6, 511).

Сумбу́р ’бязладдзе’ (ТСБМ). З рус. сумбу́р ’тс’, якое не мае задавальняючай этымалогіі. Гукапераймальнае (?), параўн. шурум‑бурум, гл.

Суме́жжа ’паласа, тэрыторыя, якая мяжуецца з чым-небудзь’ (ТСБМ), суме́жны ’суседні’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), суме́жнік ’сусед па ўчастку’ (Выг.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), су́меж ’побач, у суседстве’ (Нас.), суме́ж ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. сумеж ’побач’ (XVI ст., Карскі 2-3, 446), сумежникъ ’бліжэйшы сусед’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. су́між ’сумеж’, суме́жжья, суме́жник, сумі́жник, сумі́жний, стараж.-рус. сумежие ’граніца, пагранічча’; у іншых славянскіх мовах шмат дэрыватаў з рознымі суфіксамі, параўн., напр., чэш. soumezí, славен. soméja ’супольная граніца, мяжа’, серб.-харв. sùmeđa ’тс’, на аснове якіх Борысь (Prefiks., 123–124) рэканструюе прасл. *sǫmedʼ‑.