Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

За́саб ’разам’. Польск. zasób ’запас’, ’залежы мінералаў’, серб.-луж. zasobu ’хутка, адзін за адным’, серб.-харв. за́соб, за̀собице ’адзін за адным’. Ст.-рус. засобь ’зноў’, ’асобна’ (XVI ст.). Серб.-луж., серб.-харв., ст.-рус. > бел. словы ўказваюць на магчымасць яшчэ прасл. адвербіяльнага выразу za sobь, za sobǫ (параўн. o‑sobь > ст.-слав. особь, гл. асоба), што складаўся з прыназоўніка za (гл. за) і каранёвага *sob‑ (гл. сябе), прадстаўленага ў форме він. скл. ад формы назоўніка на *‑ĭ: sobь; першаснае значэнне захавана ў серб.-луж. серб.-харв.

Заса́да ’скрытае месца; спосаб, людзі, што выкарыстоўваюцца для нечаканага нападу’. Рус., укр. заса́да ’тс’, польск. zasada ’аснова, прынцып’, в.-луж. zasada ’аснова’, ’усаджванне за кімсьці, чымсьці’, чэш., славац. zásada ’аснова, прынцып’, ’пастка’, серб.-харв. за̑сада ’прынцып’, балг. заса̀да ’засада’. Ст.-рус. засада ’атрад войска для абароны ці нападу’ (XVI ст.). Бязафіксны назоўнік з тэматычным ‑а ад дзеяслова zasěsti (< za‑sěd‑ti, гл. сядзець) і чаргаваннем галоснага з далейшай спецыялізацыяй значэння: ’месца і людзі, што сядзяць у гэтым месцы для нечаканага нападу’ > ’спосаб такога нападу’. Лядзяева, Вестник МГУ, 1959, 4, 171; Шанскі, 2, З, 61.

Засе́к ’месца для захавання збожжа, мукі ў свірне, клеці’. Рус. дыял. за́се́к ’тс’, укр. за́сі́к ’тс’, польск. zasiek ’тс’, ’засека’, чэш., славац. zásek ’засека’, чэш. таксама ’ўдар тапаром; надрэз, зроблены такім чынам’, славен. zasèk ’засека’, ’удар тапаром’, серб.-харв. за́сек ’надрэз’, макед. засек ’тс’, ’хвароба хатняй жывёлы’. Ст.-рус. засѣкъ ’засек’ (XV ст.), ст.-бел. засѣкъ ’тс’ (XVI ст.). Утворана ў прасл. ад zasěkati, zasěkti (< za‑sěk‑ti, гл. сячы) са спецыялізацыяй значэння, першапачаткова, відаць, ’тое, што засякаецца’ > ’агароджа’; параўн. асек. Параўн. XII научно-методич. конф. северо-западной зоны. Л., 1970, с. 91.

Засе́ка ’мацаванне з дрэў’. Рус. за́се́ка, укр. засі́ка, польск. zasieka, zasiek ’тс’, чэш. zaseka, zásek, славац. zásek ’тс’, славен. zasẹ̑ka ’засека’, ’зарубка на дрэве’, серб.-харв. за̏сека, за̑сека ’засека’, балг. засѐка ’тс’, макед. засека ’месца са ссечанымі дрэвамі ў лесе; нагрувашчання дрэвы для перашкоды’. Ст.-рус. засѣка ’абарончае збудаванне з дрэў’ (XVI ст.). Прасл. zasěka бязафіксны назоўнік ад zasěkati, утворанага на базе sek‑ti, гл. сячы, што атрымаў спецыялізаванае значэнне (Шанскі, 2, З, 61).

За́сень ’месца, закрытае ад сонца’, ’сенцы’. Рус. уладз., цвяр., пск., прыбалт. за́се́нь, серб.-харв. за́сен ’тс’. Ст.-рус. засѣнь ’цяністае месца’ (XVI ст.). Усх.-слав. (а з улікам серб.-харв., магчыма, прасл.) назоўнік з прэфіксальным за і каранёвым сѣнь (гл. сенцы). Значэнне ў далейшым разгалінавалася.

Заскару́злы ’шурпаты, закаснелы’. Рус. заскорузлый, ’тс’. Параўн. укр. заскору́блий, зашкарублий ’тс’, польск. zaskorupieć ’пакрывацца шкарлупінай; стаць цвёрдым, як шкарлупіна’, zaskorupiały, серб.-харв. заскору́пати(се) ’пакрывацца шкарлупой’. Заскарузлы — элавы дзеепрыметнік ад *заскарузнуць (< за + скарузнуць; Даль: скору́знуть ’сохнуць і пакрывацца трэшчынамі’). Дзеяслоў ад назоўніка таго ж кораня, што скура, кара, гл. Бел. форма, магчыма, з рус. Паходжанне ‑уз‑ няяснае. Шанскі, 2, З, 62.

Заске́ма ’клопат’, ’чалавек, што перашкаджае’, ’скупы’ (Сл. паўн.-зах.). Аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад *заскеміць ’зашчаміць’, гл. заскеміцца. Семантыка: ’клопат’ < ’перашкода’ < ’тое, што зашчамляе’ > ’той, хто зашчамляе’ > ’скупы’. Параўн. аднакарэннае аскома са значэннем ’прагнасць’.

Заске́міцца ’зажмурыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Зваротны да *заскеміць варыянт да зашчаміць (гл. шчаміць). Семантычна сувязь празрыстая: ’заціснуць’. Захаванне е пад націскам можа тлумачыцца тым, што е < , тады ск захавалася, паводле гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270), перад *oi > . З тым жа коранем, відаць, аскома (гл.). Фасмер, 4, 502; Праабражэнскі, 1, 662–663. У і.-е прадстаўлены розныя ступені чаргавання галоснага і розныя зычныя падаўжэнні кораня *skē̆i‑ ’рэзаць, дзяліць’. Покарны, 1, 919–922. Параўн. аскепак.

Засклёп ’запоўненыя мёдам соты, якія запячатаны воскам’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. зас́клеп ’пакрыццё скляпеннем’, ’пабудова вусенем кокана’ (Жэлях.), польск. zasklep ’воск, якім пчолы заляпляюць шчыліны ў вуллях, васковыя крышанкі ў сотах’, ’кокан’. Бязафіксны наз. ад *zasklepti (параўн. заскле́піць, заскляпі́ць ’запячатаць соты’, ’склеіць’, рус. кур. заскле́пи́ть ’зрабіць скляпенне ў печы’ і чэш., славац. адпаведнікі), утворанага з коранем *sklep‑. Гл. склеп.

Засло́н1 ’атрад для аховы галоўнай часткі войска’. Рус. засло́н, укр. заслі́н, засло́н ’тс’, славен. zaslòn ’тое, што засланяе, заслона’, серб.-харв. за́слон ’тс’, балг. засло̀н ’сховішча’. Ст.-рус. заслонъ ’заслонка’ (XVI ст.). Сучаснае бел. заслон ’атрад’, відаць, з рус., дзе адбылася спецыялізацыя значэння слова, утворанага як бязафіксны назоўнік ад заслоняти ’закрываць, прыкрываць’. Шанскі, 2, З, 62. Гл. заслона.

Засло́н2 ’лаўка’. Гл. аслон, услон.