Асе́к ’загароджаны выган’ (Прышч.). Рус. осек ’агароджанае месца’, ’пасека’, осѣкъ і осѣка ’засека, абсечанае месца ў лесе, агароджа, агароджаны выган, завал у лесе, участак з пасекай, умацаванае месца’ (Даль), укр. паўдн.-зах. осік ’лес на ўзгорку’ польск. osiek нізкае месца, якое раней было пад лугам’, славен. osèk загон (для жывёлы), зруб (калодзежа), ачышчаная (ад лесу?) гара, адліў’ (таксама osêka), серб.-харв. о̀сек ’адхон, круча, зніжэнне вады, адліў’, о̏сека ’адліў’. Значэнне ’загароджаны выган’ адлюстроўвае сувязь з дзеясловам сячы (гл. Каткоў, Зб. Васілёнку, 139), менш верагодна — з тым значэннем, якое атрымала развіццё ў сербскахарвацкай і польскай мовах, улічваючы заліўныя сенажаці. Старарускае значэнне осѣкъ ’загародка ў лесе, асобны ўчастак у лесе, умацаванне з дрэў у лесе’ ўказвае на большую імавернасць першага. Сербскахарвацкае значэнне Махэк₂ (536) тлумачыў сувяззю з коранем *sęk‑ (гл. прасякацца). Параўн. таксама Скок, Rad, 272, 8–15, 90.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)