Ґе́лда ’неўрадлівая шаравата-белая глеба; зямля, якую цяжка апрацоўваць’ (Яшкін.). Ці не з польск. giełda ’натоўп, цісканіна, таўкатня’ (> ’утаптанае месца’ > ’неўрадлівая глеба’)? Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 277.
Ґе́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (Сл. паўн.-зах.). Вельмі нагадвае рус. дыял. колтну́ть ’глытнуць’, укр. ковта́ти ’глытаць’, ст.-польск. kłtać ’тс’ (магчымыя сувязі ў Бернекера, 1, 660). Тады ў бел. мове азванчэнне зычных у зыходнага *калта́ць (> *галда́ць). Далей пры перанясенні націску на першы склад «аднаўляецца» «зыходнае» е.
Ґе́лзаць ’кілзаць’ (Сцяц.). Як і кілзаць (гл.), запазычанне з польск. kiełzać ’тс’ (аб паходжанні польск. слоў гл. Брукнер, 227–228). У бел. мове адбылося азванчэнне k‑ > g‑, што нярэдка бывае ў словах, дзе ёсць санорны r або l. Параўн. ге́льзаць.
Ґе́ліць ’балець, нудзіць, ванітаваць, жадаць, карпець’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gélti ’ныць’.
Ґельза́ць ’кілзаць’ (Шатал.: «Каня трэба гельзаць…»). Дыялектная форма (з азванчэннем пачатковага к‑ > г‑) да кілза́ць ’тс’ (гл.), якое запазычана з польск. kiełzać. Параўн. Бел.-польск. ізал., 47–48. Гл. яшчэ ґе́лзаць.