Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ґаляшо́вачкі (з выбухным ґ) ’туфлі парусінавыя або брызентавыя’ (Жд. 1) утварэнне ад галёш (гл.). Назва дадзена, відаць, па знешняму падабенству галяшовачак з галёшамі.

Ґа́па ’разява’ (Сцяц. Словаўтв.). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. дыял. gapa, gap ’тс’ (якое звязваецца па паходжанню з польск. gapa ’варона’; гл. Слаўскі, 1, 255–256).

Ґарда́вы ’картавы’ (Жд. 1). Слова узнікла азванчэннем глухіх (к > ґ, т > д) пад уплывам санорнага р з карта́вы ’тс’ (гл.).

Ґарсць ’жменя’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. garść ’тс’ (а гэта з прасл. *gъrstь; гл. Слаўскі, 1, 260).

Ґа́рштва ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. у гэтым значэнні прыводзіць таксама ґа́шта, ґа́штва і да ґа́шта прыводзіцца літ. крыніца góštauta ’тс’. Але форма гэта не зусім падыходзіць у якасці першакрыніцы. Параўн. лепш літ. gar̃štis, garšvà; да гэтых назваў гл. Фрэнкель, 138.

Ґа́тар ’лесапілка (машына); лесапільня (завод)’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з ням. Gatter ’лесапільны станок’ (так у Сл. паўн.-зах.).

Ґа́шта ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.), ’садовая кветка, гашта’ (Сцяшк.). Гл. ґа́рштва.

Ґа́шта ’густа зарослая лесам даліна’ (Яшкін), таксама го́шча ’тс’ (там жа). Няяснае слова. Наўрад ці звязана з гу́шча ’густы лес, зараснік, дзе цяжка прайсці; нетры’ (гл. Яшкін), якое < gǫšča < *gǫstja (да *gǫstъ ’густы’). Цяжка вытлумачыць і варыянт го́шча. Здаецца, націск тут быў спачатку на канцы слова: зыходнае *гашча́ ўспрымалася як *гошча (г. зн. пры перанясенні націску на першы склад нібы «аднавілася» «зыходнае» ‑о‑, якога тут ніколі не было). Што датычыць слова га́шча, то, магчыма, яно звязана з бел. хашч ’гушчар, зараснік, нетры’ (гл. у Яшкіна), укр. хащ, ха́ща (азванчэнне х > г?). Для варыянта гошча ўсё ж такі, здаецца, знаходзіцца паралель: укр. хо́щик ’куст’ (у Грынч. са знакам запытання).