Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ґарда́вы ’картавы’ (Жд. 1). Слова узнікла азванчэннем глухіх (к > ґ, т > д) пад уплывам санорнага р з карта́вы ’тс’ (гл.).

Ґарсць ’жменя’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. garść ’тс’ (а гэта з прасл. *gъrstь; гл. Слаўскі, 1, 260).

Ґа́рштва ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. у гэтым значэнні прыводзіць таксама ґа́шта, ґа́штва і да ґа́шта прыводзіцца літ. крыніца góštauta ’тс’. Але форма гэта не зусім падыходзіць у якасці першакрыніцы. Параўн. лепш літ. gar̃štis, garšvà; да гэтых назваў гл. Фрэнкель, 138.