Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Спрага́ць ‘запрагаць, злучаць у адну запрэжку’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), спрага́цца ‘злучаць кожны па каню (валу) у адной вупражы’ (Пятк. 2, Варл.). Гл. прыпрэжка.

Спружы́на ‘пругкая металічная палоска або спіраль’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Бяльк.), спрунжы́на ‘тс’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спрунджы́на ‘тс’ (Бяльк.), спранджы́на ‘тс’ (Варл.). З польск. sprężyna ‘тс’; параўн. укр. спружи́на ‘тс’; у іншых славянскіх мовах без s‑. Шульман (Полымя, 1926, 8, 211) мяркуе пра пасрэдніцтва мовы ідыш праз форму Sprusschine ‘тс’, што цяжка давесці. Гл. пружына.

Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.

Спра́га1 ‘праход у агароджы’, ‘жэрдка, якой закрываюць праход у агароджы’ (Варл., Сл. ПЗБ), про́га ‘праход у агароджы’ (полац., Нар. лекс.), ст.-бел. спро(к)га ‘тс’ (Яблонскіс). З літ. spragà, дыял. pragà ‘праход, прахон, пралом, шчыліна’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 50).

Спра́га2 ‘смага’ (Арх. Федар., Ласт.). Дэвербатыў ад спрагці́ ‘падсмажыць’ (Сл. нар. фраз.), параўн. выраз kab ciebie spraha sprahła! (Федар. 4), гл. прагці. Іншы выраз каб ты спрогся! (пракляцце), што да спро́гчыся ‘здохнуць’ (Сцяцко Сл.), відаць, звязаны з літ. sprogti ‘здыхаць’, гл. таксама апрэгчыся.

Спра́ва ‘дзейнасць, занятак’, ‘абавязак’, ‘рэч, з’ява’ (ТСБМ, Байк. і Некр., ТС), ‘прадмет дзейнасці, справаздача, рашэнне’ (Нас.), ‘прадмет дзейнасці ці інтарэсу’ (Ласт., Бяльк., Касп.), ‘здарэнне’ (Сержп.), ‘набыццё адзення, абутку, абноўка’ (Нік. Очерки), ‘уборы, адзенне’ (ТС), ст.-бел. справа ‘дзейнасць (?)’ (Скарына). Параўн. укр. спра́ва, польск. sprawa, чэш. sprava ‘дзейнасць і яе мэта’, серб.-харв. спра̏ва ‘інструмент, прыбор, прыстасаванне’, балг. спра́ва ‘тс’, макед. справа ‘тс’; сюды ж, відаць, прыслоўе (XVI ст.) ст.-рус. справа: пришли къ государю справа воеводы его (Яновіч, Наречие, 54). Дэрываты ад справіць ‘зрабіць, выканаць, ажыццявіць’, што да правіць, правы (гл.), якія, відаць, няма падстаў адносіць да праславянскіх утварэнняў.

Справядлі́вы ‘згодны з правам, праўдай, аб’ектыўнымі фактамі; праўдзівы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.; Бяльк.), ‘праўдзівы, чэсны, правільны’ (Сл. ПЗБ), ‘сапраўдны’: справедлі́вы грыб ‘баравік, Boletus edulis Bull.’ (Пятк. 2, ЛА, 1), ст.-бел. справедливъ ‘праведны, праўдзівы, міласцівы’ (Альтбаўэр). Паводле Борыся (571), усходнеславянскія словы (укр. справедли́вий, рус. справедли́вый) з польск. sprawiedliwy, якое, у сваю чаргу, з чэш. spravedlivу́; апошняе з больш ранняга spravedlný пад уплывам прыметнікаў на ‑dl‑ivý (тыпу mlčedlivу́ ‘ціхі, маўклівы’), дэрывата ад назоўніка sprava ‘справа’, якое ад *praviti (гл. правіць). Гл. яшчэ Кохман, Stosunki, 127–129; Віткоўскі, Зб. Ліміту, 178; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 335 (“nie jest to formacja prasłowiańska”).

Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.