Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ню́хаўка ’нос, вялікі нос’ (Касп.; в.-дзвін., Шатал., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; клец., Нар. лекс.; астрав., Сл. ПЗБ; лаг., Сл. ЦРБ). Іранічнае ўтварэнне ад ню́хаць (гл.).

Ню́хаць ’успрымаць пах; высочваць, шукаць’ (Бяльк., ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ню́шыты ’тс’ (камян., Сл. ПЗБ), укр. ню́хати, рус. ню́хать, польск. niuchać, чэш. ňuchati, славац. ňuchať, в.-луж. nuchać, н.-луж. nuchaś, славен. njuhati, серб.-харв. њу̏шити, аддзеяслоўны назоўнік њух, балг. дыял. ню́ам, ню́шкам. Прасл. *njuchati, паводле Махэка₂ (402), — вынік экспрэсіўнага змякчэння *nuchati, што мае ў аснове гукаперайманне (параўн, рус. ну́хрить ’мурлыкаць (пра ката)’ і ’нюхаць, вынюхваць, шукаць’), якое можа быць звязана з і.-е. *neu‑(k)s‑, *sneu‑ ’нюхаць, фыркаць’, параўн. гоц. bi‑niuhsjan ’высочваць’, нарв. nuska ’шукаць’, ’пах’, ст.-ісл. nysa ’нюхаць’ і пад. (Коген, Запіскі, 238; Бязлай, 2, 225). Тлумачаць таксама як вынік перараскладання прыставачных утварэнняў з *ǫxati (ст.-слав. ѫхати, польск. wąchać: *sъn‑ǫchati (Фасмер, 3, 93), параўн. знюхацца (Карскі, 1, 325), *vъn‑ǫchati (Скок, 3, 615), параўн. уню́хацца і пад. Гл. таксама Рыкаў, БЕ, 37, 472–474.

Ню́хкацца экспр. ’мець намер’ (нясвіж., Сл. ПЗБ). Няясна.

Ню́хмарка экспр. ’нос’ (маладз., Сл. ЦРБ), параўн. рус. нюхмырить ’шморгаць носам’, нюхмыра ’пра чалавека, што шморгае носам’. Ад нюхаць з няяснай экспрэсіўнай суфіксацыяй.

Нюхце́ць ’нюхаючы, вышукоўваць што-небудзь’ (Некр., Сл. ПЗБ), рус. нюхтить ’нюхаць, вынюхваць, вышукваць’, славац. nuchtiť ’тс’. Да нюхаць (гл.) з інтэнсіўным ‑т‑, параўн. дыхаць і дыхцець, пыхаць і пыхцець і г. д.