Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трахна́1, трахня́ ‘мятая салома, адходы ад кулёў’ (дзісн., Бір.; паст., глыб., смарг., Сл. ПЗБ); ‘дробная салома’ (Сцяшк.), сюды ж трахні́ца ‘тс’, ‘пацяруха’ (паст., Сл. ПЗБ). Паводле распаўсюджання і акцэнтуацыі, канстатуецца балцкі ўплыў (Грынавяцкене і інш., Балто-слав. сб. М., 1972, 379). Параўн. літ. trakniaĩ ‘мятая салома, салома на страху’. Вярэніч (Междунар. конф. балтистов, 142) лічыць балтыйскае паходжанне недастаткова аргументаваным і дапускае славянскія аналогіі. Паводле ЕСУМ (5, 666), звязана з укр. тряхнути́ ‘трасянуць’, польск. trąchnąć ‘тс’, адпаведна з трэсці, трусіць і траха́ць, гл.

Трахны́ ‘добры, добра высушаны’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. дыял. тра́кти, тря́хти ‘прасыхаць’, паводле ЕСУМ (5, 666), няяснага паходжання. Звязана з літ. traišùs ‘высушаны, спарахнелы’?

Трахо́лле. Гл. трахалле.

Трахо́ма ‘заразнае хранічнае захворванне слізістай абалонкі вока’ (ТСБМ, Арх. Вяр.), трахом ‘тс’ (в.-дзв., астрав., Сл. ПЗБ), трахо́ма, трахо́м, трухо́м ‘тс’ (Мова Сен.). З новалацінскай навуковай мовы, параўн. новалац. trāchōma, якое са ст.-грэч. τράχομα ‘шорсткасць, шурпатасць’ < τραχύς ‘шорсткі, няроўны’ (Голуб-Ліер, 486; Чарных, 2, 259; ЕСУМ, 5, 625).

Трахт ‘шлях, гасцінец’ (Мядзв., Скарбы.; навагр., дзятл., бяроз., ЛА, 2): на трахту нікагусенька не зорко (Сержп. Казкі), вытворныя трахтава́я дарога (дзятл., ЛА, 2), трахто́вая дорога (ганц., там жа). Народная адаптацыя зыходнага тракт, гл.

Трахтава́ць ‘частаваць’ (Рэг. сл. Віц., Федар. 5, Сцяшк. Сл., Юрч. Сін.): трахтаваць буду мёдам і віном (валож., Песні нар. свят), сюды ж трахтава́цца ‘рыхтавацца карміць, частаваць’ (Юрч. Сін.), трахтава́ннік ‘той, хто частуе’ (Юрч. СНЛ). Запазычана са ст.-польск. traktować, trachtować ‘частаваць’ праз ст.-бел. трактовати ‘тс’ або ўтворана ад ст.-бел. трактъ ‘бяседа’ (1570 г.). Гл. трактаваць.

Траце́йскі суд ‘суд, выбраны па ўзгадненні старон для вырашэння паміж імі спрэчак цывільна-прававога характару’ (ТСБМ). З рус. третейский (суд), якое ўтворана ад парадкавага лічэбніка *tretьjь пры дапамозе суф. *‑sk‑ъjь‑ > ‑скі.

Траці́на ‘трэцяя частка чаго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Шат.; ашм., Стан.), траці́на, трацці́на (треццина) ‘тс’ (Нас.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян., Кал.), трайціна́ ‘тс’ (Сцяц. Сл.), трэці́на ‘тс’ (ТС, Лекс. Бел. Палесся), трацы́на ‘тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. третина, треттина, третына ‘трэцяя частка чаго-небудзь, у тым ліку зямельнага надзелу’ (ГСБМ). Параўн. укр. трети́на, дыял. трити́на, польск. trzecina, чэш. třecina, славац. trecina, славен. tretjina, серб., харв. трећина, балг. трети́на. Утворана ад трэці (трэйці) пры дапамозе суф. ‑іна са значэннем часткі ад цэлага (Сцяцко, Афікс, наз., 213), аналагічна ў іншых славянскіх мовах.

Траці́ны1 ‘пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Тра́ціць ‘расходаваць (грошы, сродкі)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Бяльк.), ‘пазбаўляцца, страчваць, губляць (у тым ліку час)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; паст., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.), тра́тіті ‘тс’ (Вруб.), тра́ціць ‘пазбаўляць жыцця’ (Нас., Сержп. Прымхі), тра́ціці (tracici) ‘тс’ (Федар. 2), ст.-бел. тратити, тратить ‘расходаваць грошы, сродкі; транжырыць, губляць, страчваць; губіць, пазбаўляць жыцця; марнаваць час’ (ГСБМ), трациц ‘тс’ (Кітаб Луцкевіча). Укр. тра́тити ‘рабіць выдаткі’, ‘губляць, знікаць’, ‘пазбаўляць жыцця’, рус. тра́тить ‘расходаваць’, ‘спажываць’, польск. tracić ‘пазбаўляцца’, ‘несці матэрыяльныя страты’, ‘марнаваць’, ‘пазбаўляць жыцця’, каш. tracëc ‘тс’, чэш. tratiti ‘губляць’, ‘цярпець шкоду, страту’, славац. tratiť ‘тс’, славен. trátiti ‘траціць, марнатравіць’, ‘губляць час’, харв. trȁtiti, серб. тра̏тити, тра̏ћити ‘траціць грошы, час’, макед. траце ‘губляць’: си траче времто. Прасл. *tratiti ‘выкарыстоўваць, расходаваць, нішчыць, марнаваць’, ‘драбіць, церці, праціраць’, ‘вастрыць’ роднаснае літ. trúotas ‘брус, асялок, тачыла’, лат. truõts ‘тс’, гоцк. þrōþjan ‘практыкаваць, рабіць практыкаванні, развучваць’ < і.-е. *trōt‑/*trēt‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 4, 94–95; Чарных, 2, 258–259; Скок, 3, 493; Голуб-Копечны, 388; Брукнер, 575; Борысь, 639; Сной₃, 800; ЕСУМ, 5, 623). Махэк₂ (649) паходжанне лексемы тлумачыць кантамінацыяй слоў traviti ‘праводзіць час’ і ratiti ‘знішчыць, згубіць, пазбавіцца’, што малаверагодна.