Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Неагу́рны (неогурьный) ’паслужлівы’ (Арх. АН СССР, ф. 216–4-260–11). Ад агу́рны ’паслухмяны’, гл. скураць.

Неадме́нны ’абавязковы; пастаянны’ (ТСБМ). Меркаванні Баханькова (Весці АН БССР, 1981, 1, 120) аб калькаванні ў беларускай літаратурнай мове рус. непременный ’тс’ могуць адносіцца толькі да ужывання слова ў адміністрацыйнай сферы (неадменны сакратар = непременный секретарь, пасада ў дарэвалюцыйнай Расіі), паколькі неадменны ’абавязковы, які нельга адмяніць’ фіксуецца яшчэ Насовічам: неодменное даю слово (333).

Неаднаколы ’неаднолькавы’ (круп., Сл. ПЗБ). Да аднаколы (гл.), з аднаковы ’аднолькавы’, неаднаковы ’неаднолькавы’, якія хутчэй за ўсё з польск. jednakowy ’аднолькавы’, niejednakowy ’неаднолькавы’.

*Неастырка́цца, ныостыркатыся ’не бываць, рэдка паказвацца’ (кобр., Нар. лекс.). Да агоркнуць (гл.), остбркнуты ’спыніцца, пасяліцца, знайсці дах’ (Клім.), параўн. таксама нызасторкнуты ’не затрымлівацца’ (кобр., Нар. лекс.); паводле Мяркулавай (Этимология–1979, 175), узыходзіць да этымалагічнага гнязда з коранем *tbrk‑/*stbrk‑ ’тыкаць, піхаць’, параўн. семантычна падобнае не стыкацца ’не бываць, не затрымлівацца’: Днямі не стыкаецца дома (ТС), экспрэсіўнае значэнне ў рус. торчить ’доўга знаходзіцца, затрымлівацца дзе-небудзь’.

Не́ба, не́бо ’нябёсы’ (Яруш., БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.), ’паднябенне’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС, Ян.), ’скляпенне ў печы’ (Мат. Маг., Шушк., ТС, Ян., браг., петрык., Шатал.), ’верхняя частка ткацкага станка, на якую падвешваюць ніты і набіліцы’ (браг., Нар. сл.), укр. не́бо ’нябёсы’, рус. не́бо, нёбо ’нябёсы; верхняя частка скляпення ў печы; верх бярлогі’, польск. niebo ’нябёсы’, чэш. nebe ’тс’, славац. nebo ’тс’, в.-луж. njebjo ’тс’, н.-луж. njebjo ’нябёсы, паднябенне’, славен. nebȏ ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, серб.-харв. не̏бо ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, балг. небе́, не́бо ’нябёсы’, макед. небо, небе ’тс’, ст.-слав. небо, род. скл. небесе ’тс’. Прасл. *nebo адносілася да балта-слав. асноў на ‑es, роднаснае літ. debesis ’воблака’, лат. debess ’неба’ (з другасным d), ст.-інд. nábhas ’туман, пара, неба’, грэч. νέφος ’воблака’, лат. nebula, с.-в.-ням. nebul ’туман’, хец. nepiš ’неба’ (да і.-е. *nebh‑ ’імгла, воблака’), гл. Покарны, 315; Фасмер, 3, 53; Махэк₂, 392; Бязлай, 2, 217; Шустар-Шэўц, 13, 1007.

Небажа́ты ’пляменнікі, унукі’ (ТСБМ) і адз. л. небажа́ («гаворыцца з пагрозай і больш у дачыненні да няпоўналетніх», Нас.), небажа́та ’ўнукі’ (Ян.), небожа́та, адз. л. небо́ж ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (ТС), ’пляменнікі’ (пін., Сл. ПЗБ), небажаня́та ’тс’ (любан., лях., Сл. ПЗБ). Гл. нябога.

Небакра́й ’небасхіл; гарызонт’ (ТСБМ). Наватвор, аўтарства якога прыпісваецца паэту А. Зарыцкаму (М. Стральцоў у кн.: Слова наша роднае. Мн., 1986, 125): паэтычны сінонім да небасхіл (гл.), параўн. рус. небозем ’гарызонт’ (аўтарства прыпісваецца Далю), польск. niebokrąg ’акружнасць неба’ і пад. Хутчэй за ўсё з укр. небокра́й ’тс’ (яшчэ ў Шаўчэнкі). З не́ба і край ’канец, мяжа’.

Не́балазя ’нядобра’ (віл., Сл. ПЗБ; дзярж., Нар. сл.), паўн.-рус. небо́лозе ’дрэнна, непрыемна’. Ад балазе́ ’добра’; сюды ж не́балазь ’смецце; блазнота’ (жлоб., Жыв. сл.).

Небара́к ’бядак’ (Нас., Грыг., Гарэц., Федар., Яруш., ТСБМ), неборака ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’чалавек, якога сустракаюць няўдачы’ (Янк. 1), нябара́ка ’бядак, няшчасны чалавек’ (Мал., Сл. ПЗБ), небора́ка ’бядак, гаротнік’ (ТС), памянш. небарачок, небара́чка (Сл. ПЗБ, ТС), укр. не́бір, небара́к, небора́ка ’бядак’, рус. небора́к ’бядак; непаваротлівы чалавек’, польск. nieborak ’чалавек, варты жаласці; бядак’, славац. neborák ’тс’, н.-луж. njaborje ’бядак, бездапаможная істота’, славен. nebȏrec, nebȏre ’бядняк’. Звычайна лічыцца аднаго паходжання з нябога ’няшчасны, абдзелены жыццём і людзьмі чалавек’ (гл.), параўн. рус. небожак (Даль), чэш. nebožák ’бядак’ (Махэк₂, 393; Брукнер, 34; Курашкевіч, JP, 37, 1937, 124), далей да бог, параўн. убогі ’бедны’; r замест ž тлумачаць па-рознаму: славенскія формы зменены пад уплывам ратацызму (ž > r), характэрнага для часткі паўднёваславянскага арэалу (Міклашыч, 16; Бернекер, 1, 67; Бязлай, 1, 34), параўн. серб.-харв. бо̀ра ми замест бо̏га ми (кляцьба); на думку Добрава, апошняе, як і польск. nieborak замест niebożak, — вынік дэфармацыі фанетычнага вобліку слоў з мэтай ахоўнай магіі (прафілактыкі ад уплыву звышнатуральных сіл), параўн. серб.-харв. за бо̀ра замест за бо̀га ’богам прашу’, дзе адсутнічаюць умовы для ратацызму, а таксама бро̏да ми, гло̀га ми замест бо̏га ми (Добраў, CE, 8, 1983, 2, 94). На падставе каш. bora ’сілач’ і ст.-польск. Borek, Boruta (ул. імя) ад *boriti ’змагацца’. Папоўска–Таборска рэканструюе прасл. дыял. *ne‑borę, *ne‑bor‑akъ (ZfSl, 24, 1979, 104; Kaszubszczyzna, Warszawa, 1980, 37; а таксама Шустар-Шэўц, 13, 1006), што па семантычных меркаваннях здаецца менш пераканальным. Паводле Кюнэ (Poln.), беларускае слова запазычана з польскай мовы. Гл. таксама Цвяткоў, Працы класа філалогіі, 1, 1928, 51.

Небаскроб ’вышынны будынак’ (БРС, ТСБМ). Калька з рус. небоскреб (Крукоўскі, Уплыў, 129), што ў сваю чаргу з англ. skyscraper ’тс’ (Фасмер, 3, 53); параўн. таксама хмарочос ’тс’ (Караткевіч) з укр. хмарочос (калька з ням. Wolkenkratzer).