Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́згляды ’звычай знаёміцца з нявестай і яе маёмасцю’ (Юрч. Вытв., Сцяшк.; пух., Сл. ПЗБ; Растарг.). Укр. ро́зглядини ’агледзіны’, валынск. розгля́дини ’заручыны’. Беларуска-ўкраінская ізалекса. Да разгляда́ць < раз- (роз-) і глядзе́ць (гл.). Такую ж прэфіксацыю маюць н.-луж. rozglěd, в.-луж. rozhlad, чэш. rozhled, славац. rozhľad ’агляд’, ’від’, ’перспектыва’.

Ро́здараж ’ростань, месца, дзе сходзяцца і разыходзяцца дарогі’ (Байк. і Некр. — з Коласа). Укр. ро́здорож, роздорі́жжя ’тс’. Беларуска-ўкраінская ізалекса, якая да прасл. *orz‑dorg‑ь > раз- (роз-) і дарога (гл.) параўн. раздарожжа (гл.).

Ро́здум ’паглыбленасць у свае думкі’ (ТСБМ). Укр. ро́здум ’тс’. Беларуска-ўкраінская ізалекса. Да разду́мваць < раз- (роз-) і ду́маць (гл.). Сюды ж ро́здумны ’схільны да роздуму’, ’роздум’ (ТСБМ).

Ро́здур ’раздуранасць’, ’раздураны’ (Янк. 3.), ’распушчаны чалавек’ (клец., Нар. лекс.), ’неслух, свавольнік’ (жаб., Нар. лекс.). Ад раздуры́ць < раз- (роз-) і дуры́ць (гл.).

Ро́здых ’адпачынак’ (Бяльк.). Утворана паводле прасл. *ot‑dъxъ, *ot‑dyxъ (рус. отдых, чэш., славац. oddech, oddych, славен. oddíh ’тс’) з раз- (роз-) і ды́хаць (гл.).

Ро́ззе (розьзя) ’дробныя галінкі бярозы’ (пін., Шатал.). З *rozgьje, як і славен. rọ̑žje, ст.-слав. рождиѥ, раждиѥ; апошняя форма — пазнейшая: ра‑ — пад уплывам форм на раз- (< *orz‑). Да прасл. *rozga (рэканструкцыя паводле Вондрака, Vergl. gr., 1, 501; Фасмера, 3, 495). Да розга1 (гл.).

Ро́зляг у выразе: розляг ідзе ’разносіцца, пашырацца (пра шум, крык і інш.)’ (навагр., Жыв. НС). Ад разляга́цца ’тс’, якое з прасл. *orz‑lęgati sę ’тс’ (параўн. укр. розляга́тися, польск. rozlegać się, н.-луж. rozlěgaś se, чэш. rozléhati se, славац. rozliehať sa, славен. razlégati se, серб. разле́гати се ’тс’, харв. razlèći se). Да раз- (роз-) і ле́гчы (гл.).

Ро́змах ’размах’ (ТС). Націск на ро́ пад уплывам укр. ро́змах ’тс’. Да разма́х, разма́хваць ’махаць чым-небудзь то ў адзін, то ў другі бок’, размаха́ць ’расхістаць, разгайдаць’ < прасл. *orz‑maxъ < прасл. *orz‑maxati/mavati/majati (рус. размах, польск. rozmach, н.-луж. і в.-луж. rozmach, чэш., славац. rozmah, славен. razmàh, балг. разма́х) > раз- (роз-) і маха́ць (гл.).

Ро́змін, разьмі́н ’раз’езд на дарозе’ (Шат., Касп.), ’мінанне сустрэчных адзін каля аднаго’ (Стан.). Да разміну́цца, міна́ць (гл.).

Ро́змінка ’тварог, перамешаны са смятанай ці малаком’ (Сл. Брэс.). Да раз- (роз-) і мяць, мну (гл.).